“Код да Вінчы” Брауна каштуе як 6 кніг Коласа

120109 Martin Knigi.mp3

“Пытаюць класікаў Караткевіча, Мележа, Шамякіна. Пра Купалу і Коласа я наогул маўчу. Пытаюць Багдановіча”, - запэўнівае мяне прадавачка ў краме “Падпісныя выданні”.

Беларуская літаратура тут адносна танная. Як даведалася Еўрарадыё “На ростанях” Якуба Коласа абыдзецца ў 21 тысячу, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Караткевіча - 15 тысяч. А вось біяграфія Лукашэнкі ад Роя Мядзведзева будзе каштаваць больш – 24 тысячы.

Бяруць беларускіх класікаў не горш, чым папулярную літаратуру, запэўніваюць у краме.

“Ні Каэльё, ні Муракамі, ні Браўн не канкурыруюць з беларускай літаратурай. Класікаў бяруць у асноўным вучні і студэнты. Вось на святочную нядзелю расіяне шмат куплялі беларускай літаратуры. Нават па-беларуску”.


У аддзел беларускай літаратуры, па словах прадаўшчыцы, заходзіць кожны дзясяты. Але лепш за ўсё купляюць усё ж метадычныя кнігі: для юрыстаў, псіхолагаў.

У цэнтральнай кнігарні таксама ганарацца, што кнігі беларускіх класікаў літаратуры ідуць няблага.

“Ёсць кнігі, якія цяпер у модзе. А ёсць класіка, якая патрэбная тым, хто вучыцца і тым, хто прыехаў сюды і хоча больш даведацца пра літаратуру. Яны кожны дзень набываюцца. А на кнігі, якія рэкламуюцца, асаблівы попыт. Ёсць уздым, ёсць спад. На класікаў больш стабільны попыт. Па некалькі раз на дзень пытаюць”, - тлумачыць прадаўшчыца.

І тут беларускую літаратуру бяруць. Можа, з-за коштаў… Да прыкладу “11 мінут” Каэльё каштуе 44 тысячы. А “На Ростанях” Коласа ўдвая танней.

У кніжнай краме заўважаю жанчыну, якая гартае падарачны томік Караткевіча. Пытаю, ці часта яна набывае кнігі па беларускай літаратуры.

“Я люблю Караткевіча. Маці ў падарунак набыла “Каласы пад сярпом тваім”. Сёння беларускія выдавецтвы робяць добрыя ілюстрацыі. А кнігі каштуюць няшмат”, - кажа Людміла.

За ёй у краму заходзіць Кацярына – выбірае сыну кнігі, бо той рыхтуецца да тэсціравання.

“У нас дома ёсць беларускія класікі. А сучаснікаў не набываем”.


А тры студэнты, якія стаяць ля аддзелу з паштоўкамі, кнігі не набываюць. Чытаюць тэксты на планшэтах ды рыдарах.

У аддзеле беларускай літаратуры заўважаю тоненькую кнігу “Сымон музыка”. Кошт - 3,5 тысячы. А томік Муракамі – 135. Гэта ў 38 разоў даражэй.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі