Кожнаму беларускаму дзіцяці дастанецца па 14 айчынных памперсаў
А кожнай жанчыне — па тры ўпакоўкі беларускіх пракладак.
Гродзенскаму аблвыканкаму даручылі выпусціць імпартазамяшчальныя... туркі для кавы, Мінскаму — скутары і гігіенічныя пракладкі, падгузнікі — гэта Магілёўскаму. Брэсцкі аблвыканкам адказвае за сродкі для адпужвання камароў і дзіцячыя канструктары.
Урад зацвердзіў пералік імпартазамяшчальных тавараў на 2012 год. Мінпрам павінен забяспечыць беларусаў хлебапечкамі ды электрасушылкамі для рук. "Белдзяржхарчпрам" выпусціць айчынны "Кіндэр-сюрпрыз". Беларускія памперсы будуць троху таннейшымі за імпартныя, — абяцае намеснік дырэктара прадпрыемства “БелЭмса” Сяргей Чорны.
“Так хутка гэта не робіцца. У раёне сярэдзіне года, дзесьці ўлетку — у чэрвені, ліпені”.
Дызайн беларускіх памперсаў — турэцкі, прадпрыемства — беларускае, вытворчая лінія — італьянская, сыравіна — часткова беларуская. “Спадзяемся, што будзе прыбыткова, інакш — навошта было гэта рабіць?” — кажа Сяргей Чорны.
Згодна з пастановай, у 2012 годзе плануецца вырабіць 7 мільёнаў падгузнікаў. Еўрарадыё падлічыла, што пры такой вытворчасці кожнаму беларускаму дзіцяці за год дастанецца ўсяго(!) па 14 памперсаў.
“7 мільёнаў — лічба нейкая недарэчная. Наш гадавы аб’ём у раёне 112 мільёнаў… Калі ўсё пойдзе нармальна, я думаю, мільёнаў 20-30 мы сёлета зробім. Такія ў нас прыкідкі”, — супакойвае Сяргей Чорны.
Паводле падлікаў Еўрарадыё, жанчынам дастанецца ўсяго толькі па тры ўпакоўкі айчынных пракладак (плануецца выпусціць 8 мільёнаў).
Беларускія канструктары і сёння вырабляе прадпрыемства “Палессе”, што ў Кобрыне. У размове з Еўрарадыё вытворцы называюць канструктар “тыпу LEGO”. Супрацоўнік прадпрыемства кажа, што яго дзеці гуляюцца ў беларускае LEGO таксама.
"Палессе": “Гаворка ідзе пра тыя ж самыя канструктары, што мы цяпер вырабляем, “тыпу LEGO”. Толькі ў LEGO маленькія дэталі, а тут буйныя. Напэўна, палічылі, што гэта падпадае пад праграму імпартазамяшчэння…”.
Нечакана Еўрарадыё даведалася, што большасць імпартазамяшчальных канструктараў ідзе… на экспарт. Бо цана меншая, чым на LEGO.
"Палессе": “Прынцып стыкоўкі дэталяў такі, як і ў LEGO, але практычна яны абсалютна розныя. Таму што ў LEGO, па-першае. ёсць дробныя дэталі, а па-другое — там вялікая разнастайнасць фігурак, тыпаў, канструктараў. У нас нашмат усё больш сціпла. Памеры большыя — асартымент меншы”.
Беларускія туркі для кавы вырабляюць па праграме імпартазамяшчэння на “Смаргоньпосудзе”. Дырэктар прадпрыемства Андрэй Сяроў запэўнівае, што патрэбныя краіне 8 тысяч турак зробяць. На пытанне Еўрарадыё, чаму менавіта туркі, адказвае проста: “Ну, не ўсе ж любяць каву з кавамашыны, хтосьці аддае перавагу туркам…”.
Тым часам, у аддзеле гаспадарчых дробязяў ГУМа ёршыкі для ўнітазу — кітайскія ды галандскія, шчоткі і шуфлікі — польскія, хлебніцы — расійскія… Мыльніцы ды дошкі нам пастаўляюць палякі. А такі “складаны” сантэхнічны прыбор, як вантуз, прыехаў у Беларусь… з Галандыі!
Фота: Intex-press