Кулікоў: У турме адносіны паміж людзьмі больш добразычлівыя, як на свабодзе

10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафесарам Іванам Куліковым. Завадскі суд сталіцы асудзіў прафесара на 5 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Кулікоў працаваў загадчыкам лабараторыі ў Інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны". У студзені яго арыштавалі, нібыта, цягам 8 гадоў ён налічваў заробак "мёртвым душам". Як распавёў Іван Кулікоў, ён прызнаў віну толькі ў тым, што "несвядома парушыў закон", крадзеж ён не прызнаў.

--Суд па вашай справе быў хуткім і ўжо сёння вы на свабодзе...
--Але ж абвінавачванні з мяне не знялі. Мяне насамрэч асудзілі: тэрмін далі – 5 гадоў з адтэрміноўкай выканання на 2 гады. Гэта азначае, што пасля двух гадоў адтэрміноўкі будзе рашэнне суда, і далей я магу альбо адбываць пакаранне ў 5 гадоў, ці гэты тэрмін будзе з мяне зняты.

--Як бы вы самі ацанілі тое, як праходзіў суд?
--Судзілі мяне ў Завадскім судзе, суддзя Алена Раманава. І я мушу сказаць, што суд быў вельмі добразычлівы ў адносінах да мяне. Карэктныя былі паводзіны суда.

--Ці збіраецеся вы аспрэчваць прысуд?
--Я не хачу сюды прывязваць ніякай палітыкі. Пакуль у мяне ёсць адтэрміноўка і я хачу разабрацца, які складнік у вызначэнні меры пакарання быў галоўным.

--А самі вы прызнаеце сваю віну?
--Я прызнаў у той частцы, што я несвядома парушыў закон, але не прызнаў у той частцы, што я здзейсніў раскраданне.

--Як вы адчувалі сябе ў зняволенні, якое ваша здароўе?
--Здароўе добрае, а турма – нельга сказаць, што там усё дрэнна. Там ёсць і станоўчыя моманты. Гэта, у пэўнай ступені, нейкая школа для людзей, якія лічаць, што ўсё жыццё складаецца толькі з дабрабыту.

--Што станоўчага вы для сябе знайшлі падчас знаходжання ў месцах зняволення?
--Мне спадабалася тое, што там жорсткая дысцыпліна, што на вышэйшым узроўні гігіена падтрымліваецца. Нейкае ўзаемапаразуменне і ўзнікненне добразычлівых адносін людзей адзін да аднаго. Нягледзячы на тое, што некаторымі былі здзейсненыя даволі сур’ёзныя злачынствы. Мне падалося, што часам адносіны паміж людзьмі больш добразычлівыя, чым у рэальнасці, на свабодзе.

--З аднаго боку, вы былі прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. З другога – у вас эканамічны артыкул. За каго вас у калоніі прымалі: за палітычнага, ці за эканамічнага “зэка”?
--Там не размаўлялі на палітычныя тэмы, але гэта пастаянна мелася на ўвазе. Але я паўсюль акцэнтаваў увагу на тым, што мне прад’яўленае эканамічнае абвінавачванне, і мне трэба абараняцца ад эканамічнага абвінавачвання.

--Вы маеце дастаткова вялікі досвед адміністрацыйнай працы. Як вы дапусцілі такое, каб вам змаглі прад’явіць эканамічны артыкул?
--Справа ў тым, што я ўсё жыццё прапрацаваў у навуковай сферы, і быў перыяд, калі заробкі былі нізкія ў інжэнерна-тэхнічных супрацоўнікаў. І для таго, каб вырашыць пэўныя праблемы, асабліва там, дзе вялікі аб’ём эксперыментальнай працы, і для таго, каб людзей гэтых падтрымаць, каб яны не сыходзілі з працы, трэба было выкарыстоўваць дадатковыя меры. Каб яны маглі працаваць паспяхова і вырашаць праблемы. Мы працавалі над вельмі цікавай тэхналогіяй. І тады ніхто не думаў, што гэта парушэнне закона. Гэта было з 2000 па 2008 год. Гэта практыкавалася не толькі мной, пра гэта і сведкі на судзе казалі, гэта практыкавалася і іншымі загадчыкамі лабараторый. Бо інакш у тых умовах фінансавання, якім яно было, цяжка было б нешта сур’ёзнае зрабіць. А мы здолелі распрацаваць цікавую тэхналогію.

--Ці не лічыце вы, што распачатая супраць вас крымінальная справа была сігналам усім навуковым супрацоўнікам, разумным людзям, не лезці ў палітыку?
--Для мяне і затрыманне, і арышт, я ж правёў у турме амаль 4 месяцы, было нечаканым. І каб адказаць на ваша пытанне, я зараз павінен усё прааналізаваць – як гэта адбывалася і што за гэтым стаіць. Пакуль адказаць на ваша пытанне вельмі складана.Для мяне і затрыманне, і арышт, я ж правёў у турме амаль 4 месяцы, было нечаканым

--А тое, што адразу, як пачаліся ў вас непрыемнасці, і сына вашага ў войска забралі, і ў дачкі пачалося нешта не тое, можна лічыць спробай ціску на вас?
--Магчыма, нешта і было такое. Але сына забралі ў войска планава – ён скончыў ВНУ і я збіраўся праводзіць яго ў войска 18 студзеня. Адзінае, я не здолеў яго праводзіць, бо мяне забралі 17 студзеня. А вось што атрымалася з дачкой, я пакуль дакладна не ведаю, бо пакуль не размаўляў з ёй.

--Калі вы былі ў зняволенні да вас даходзіла інфармацыя пра тое, як развіваюцца падзеі на волі?
-- Інфармацыя даходзіла. Як з боку дзяржаўных органаў, так і з апазіцыйных выданняў.

--І як вы ацэньваеце тое, што адбываецца з экс-кандыдатамі? Як ставіцеся да выступу Раманчука на тэлебачанні?
--Калі сыходзіць з маіх прынцыповых пазіцый, якія я займаю па жыцці, то я не ўхваляю такія дзеянні Раманчука. Бо ён ішоў у камандзе і не трэба было яму так паступаць.

--З тых, хто прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта, вам першаму вынеслі прысуд. Як вы лічыце, ці не азначае гэта, што і астатнія атрымаюць падобнае пакаранне?
--Я бы вельмі хацеў на гэта спадзявацца і дзесьці, інтуітыўна, я думаю, што, магчыма, так і будзе.

--Якія ў вас планы на будучае?
--Пакуль у мяне адпачынак – да 18 траўня. 18 траўня я буду высвятляць сітуацыю – якія ў мяне шанцы працаваць далей у інстытуце. Я хачу працаваць. Я прысвяціў большую частку жыцця, пачынаючы з 25 гадоў, ядзернай энергетыцы. Я зацікаўлены вернуцца. Асабліва зараз, калі будуецца атамная станцыя.

--Вы лічыце, што жаданне ўлады пабудаваць Астравецкую АЭС, правільнае?
--У прынцыпе, рашэнне аб будаўніцтве АЭС правільнае. Адзінае, я б настойваў, калі б мне такую магчымасць нехта даў, каб будаваць у Магілёўскай вобласці – на Краснапалянскай альбо Кукшынаўскай пляцоўцы. Але тое, што развіваць атамную энергетыку ў Беларусі трэба – гэта мая пазіцыя прынцыповая.

--Вы супраць будаўніцтва ў Астраўцы каб не напружваць адносіны з Літвой ці па іншых меркаваннях?
--Тут вельмі шмат меркаванняў. Уключаючы і адносіны з Літвой. З пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці, лепш будаваць станцыю ў Магілёўскай вобласці.

--Да новых выбараў вы яшчэ будзеце чалавек з судзімасцю і не зможаце браць у іх удзел. Вас гэта расстройвае?
--Не. Бо ёсць іншыя людзі, якіх я магу падтрымаць, калі іх праграмы будуць адпавядаць маім поглядам на сітуацыю ў краіне і развіццё эканомікі.

Даведка Еўрарадыё: 

Іван Кулікоў — кандыдат тэхнічных навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. З 2005 года ўзначальваў лабараторыю абсталявання ядзерных энергетычных установак і рэсурсазберагальных тэхналогій Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" Акадэміі навук. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але на этапе збору подпісаў зняў сваю кандыдатуру. У студзені быў затрыманы. Кулікова абвінавацілі ў выкраданні шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў буйным памеры – нібыта, цягам 8 гадоў ён налічваў заробак "мёртвым душам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі