Курманбек Бакіеў усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі?
Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі, паведаміла прэзідэнт пераходнага перыяду Кыргызтана Роза Атунбаева.
"Ён жыве цяпер у Беларусі, ён атрымаў там як бы прытулак, — сказала Атунбаева. — Мы дамагаемся экстрадыцыі яго сына, які жыве ў Лондане, экстрадыцыі яго братоў, і асабліва аднаго з іх, які ўзначальваў службу бяспекі. Гэта той чалавек, які датычны да ўсіх зверстваў у нашай краіне".
Па словах Атунбаевай, ад шэрагу краін Кыргызтан не атрымлівае адказаў на запыты. "І мы нават ведаем, што некаторыя прыхільнікі і блізкія паслугачы Бакіева, у сілу таго, што яны ўклалі даволі вялікія капіталы ў іншыя краіны (а гэта ўсё накрадзенае), яны атрымліваюць і статут уцекача, і нават грамадзянства", — дадала палітык.
У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі заяву Атунбаевай БелаПАН каментаваць не сталі.