Фінская метал-легенда AMORPHIS вязе ў Мінск новы альбом

Фінскі гурт AMORPHIS прэзентуе новы альбом і ў межах еўрапейскага тура ў яго падтрымку наведае Мінск. Адзінаццатая пласцінка каманды пад назвай Circle” прэзентаваная 19 красавіка, а тур стартуе 25 сакавіка ў Хельсінкі.

 

9 трэкаў, змешчаных на пласцінцы, яшчэ раз даказваюць здольнасць музыкаў спалучаць свой вядомы почырк з новымі элементамі. Словы для песень пісаў сталы аўтар AMORPHIS Пека Кайнулайнен. Альбом распавядае гісторыю нешчаслівага чалавека, які трапляе ў кола і атрымлівае сілу ад старажытных фінскіх багоў. Сюжэт “Circle” разварочваецца паміж змярканнем і золкам, таму альбом прасякнуты цёмнай і поўнай тугі атмасферай.

 

"Калі апісаць “Circle” ў некалькіх словах, ён кампактны, бліскучы, свежы і ён утрымлівае ўсе элементы, якія вы чакаеце ад AMORPHIS", — ацэньвае рэліз гітарыст Эса Халапайнен.

 

Беларускім прыхільнікам AMORPHIS прэзентуюць новую пласцінку 20 верасня. Канцэрт пройдзе ў сталічным клубе Re: Public. Арганізатары мінскага канцэрта — агенцтва Wake Up — распавядаюць Еўрарадыё, што кошты на квіткі стартуюць ад 250 тысяч рублёў. У продажы яны з’явяцца 30 красавіка.

 

AMORPHIS з’яўляецца адной з самых буйных зорак скандынаўскай цяжкой музыкі. Дэбютаваўшы ў 1992 годзе альбомам “The Karelian Isthmus”, каманда эвалюцыянавала ад меладычнага doom/death metal, натхнёнага фінскім фальклорам, міфалогіяй і народным эпасам, да prog-гучання, не згубіўшы свайго пазнавальнага саўнда.

 

Фота: deviantart.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі