Litesound скардзяцца на недахоп грошай для “Еўрабачання”
Днямі гурт згубіў магчымасць з’ездзіць у прома-тур у Кішынёў. У той жа час, для працы над іміджам і песняй музыкаў выклікаюць каманду прадзюсараў з Грэцыі.
Litesound скардзяцца на недахоп грошай для падрыхтоўкі да “Еўрабачання 2012”. На думку лідара гурта Дзмітрыя Каракіна, менавіта праз фінансавыя праблемы сарваўся прома-тур у Кішынёў, які мусіў адбыцца ў мінулыя выходныя.
Дзмітрый Каракін: “Зараз вельмі шмат валакіты з фінансамі. Такое адчуванне, што адмыслова ўсё зацягваецца… Бо прома-туры свае мы ўжо, кхм, празявалі. Напрыклад, учора [11 сакавіка. — Заўв. Еўрарадыё] быў у Малдове канцэрт. Мы мусілі ехаць. А пасля нам сказалі, што ехаць не трэба, бо трансляцыі замежных, запрошаных артыстаў адмяняюцца. А сёння я гляджу — у Sinplus [удзельнік Еўрабачання ад Швейцарыі. — Заўв. Еўрарадыё] анонс стаіць: “Мы выступаем у Малдове!” Ну вось, мы чамусьці ў Малдову не паехалі, а Sinplus — паехалі”.
Два тыдні таму музыкі былі ўпэўненыя, што здымкі іх кліпа для “Еўрабачання” пройдуць не ў Беларусі. Сёння ж Дзмітрый Каракін паведамляе Еўрарадыё, што здымаць кліп будуць усё ж у Мінску. Што, натуральна, танней, чым вывозіць здымачную групу за межы краіны.
Дзмітрый Каракін: “Магу сказаць дакладна, што кліп здымаць будзем у Мінску. Але мы чакаем, пакуль прыедзе каманда па пастаноўцы нумара і іміджу гурта. Бо, пакуль імідж не зроблены, здымкі кліпа распачынаць немагчыма. Гэта таксама будуць людзі з Грэцыі, яны вельмі сур’ёзна займаюцца “Еўрабачаннем”, у іх вялікае партфоліа”.
Грэкаў “падагнаў” прадзюсар Аляксандр Ціхановіч, у партфоліа якога ўжо 8 удзельнікаў “Еўрабачання”. На жаль, за выключэннем Дзімы Калдуна, не вельмі паспяховых. Яшчэ адзін грэк — Дзімітрыс Кантопулас — зоймецца песняй, з якой Litesound паедзе ў Баку.
Дзмітрый Каракін: “Праца над нумарам яшчэ не пачалася. Але літаральна праз два дні прылятае музычны прадзюсар, які будзе рабіць з намі аранжыроўкі. Гэта грэчаскі прадзюсар, які раней працаваў з Дзімам Біланам, Ані Лорак і Дзімам Калдуном. З ім мы будзем рабіць канчатковую версію песні “We are the heroes” для “Еўрабачання”. Па Скайпе ўжо абмяркоўвалі дэталі: яму вельмі падабаецца прыпеў, які, відаць, застанецца без зменаў. А ўступ і куплет зменяцца. Але як — зможам сказаць толькі праз пару дзён, калі ён прывязе матэрыял”.
Па словах музыкі, ён адчувае, што гуртом займаюцца, і што Аляксандру Ціхановічу вельмі хочацца, каб ад паездкі Litesound на “Еўрабачанне” быў вынік. Але факт застаецца фактам: ад моманту, калі пераможцамі “Еўрафэста” быў прызнаны Litesound, прайшло 3 тыдні. Але музыкі дагэтуль не ездзілі ў прома-туры. Не пачатая праца ні над кліпам, ні нават над іміджам гурта, а песню ўсё яшчэ чакае перапрацоўка.