Літоўская прэса: Калісьці лідар Літвы скажа: "Прабач нам, Беларусь!"
Літоўскія журналісты жорстка крытыкуюць і саромяць літоўскія ўлады з-за "справы Бяляцкага".
Галоўны рэдактар папулярнай літоўскай газеты Lietuvos Rytas Рымвідас Валатка пытаецца, чаму міністр юстыцыі яшчэ не ў адстаўцы. У артыкуле пад назвай "Мінюст — рай для новых лібералаў-манкуртаў", ён піша:
"Літва, як і Аўстрыя, сама ўжо не ведае, што такое сорам. Яшчэ некалькі дзён таму міністр юстыцыі Шымашус вучыў Аўстрыю еўрапейскаму праву і добрым паводзінам, а ў той самы час яго падначаленыя выдавалі банкаўскія рахункі беларускіх апазіцыянераў дыктатару Лукашэнку".
Рымвідас Валатка здзіўляецца, чаму чыноўнікі юстыцыі спасылаюцца на дамоўленасць паміж Беларуссю і нагадвае пра нежаданне Мінска выдаваць генерала Ўсхопчыка, якога Вільня вінаваціць у злачынствах супраць чалавецтва.
"Адзін толькі гэты факт павінен быў прымусіць Мінюст звярнуцца да МЗС, калі не да ўрада, па ацэнку. Не звярнуўся. Спяшаліся зрабіць ласку бацьку? Ці гэта была чыясьці палітычная воля дапамагчы бацьку? Тады чыя? Прэзідэнта? Апошняя ўпарта маўчыць. Можа зноў збірае грыбы".
Апошняе — тонкі прыкол з захаплення Грыбаўскайтэ збіраць грыбы і сугуччам яе прозвішча са словам "грыбаўці" — збіраць грыбы.
Іншы журналіст Lietuvos Rytas Аляксандрас Жыбас таксама востра крытыкуе Грыбаўскайтэ, праводзячы паралелі з падзеямі 20- гадовай даўніны, калі сама Літва змагалася з таталітарным СССР за сваю свабоду.
У артыкуле "Ці папросіць літоўскі прэзідэнт прабачэння ў беларускага народа?" Аляксандрас Жыбас піша:
"Апошні ўдар літоўскіх праваахоўных органаў па твары беларускіх дэмакратычных сілаў — нешта большае, чым раскінуты літоўскай прэзідэнткай чырвоны дыван Лукашэнку напярэдадні так званых беларускіх прэзідэнцкіх выбараў. Гэта — здрада беларускаму народу, які верыў у літоўскую падтрымку ў цяжкія часы".
Літоўскі журналіст прызнае, што пытанне, пастаўленае ў назве публікацыі, рытарычнае, бо адказ на яго ўсім вядомы. Ён спадзяецца, што памылку Грыбаўскайтэ выправіць іншы літоўскі кіраўнік.
"Беларусы гэта перажывуць, як 20 гадоў таму перажылі і мы, хаця Гарбачоў як і цяперашнія крамлёўскія кіраўнікі, па сёння не паспяшаліся папрасіць прабачэння ў нашага народа за арганізацыю забойстваў. Але калісьці лідар дэмакратычнай Літвы павінен будзе выправіць гістарычную памылку і сказаць: "Прабач нам, Беларусь!" Так, як сказаў нам прэзідэнт дэмакратычнай Расіі Барыс Ельцын: Прабач нам, Літва!".
Рамунас Багдонас для партала DELFI піша, што наступствы для Літвы і на міжнароднай арэне будуць несуцяшальныя. Маўляў, разам з рахункамі беларускіх няўрадавых арганізацый Літва, натуральна, выдала і свае ўласныя.
"Да гэтага часу мы былі кшталту заходняга фарпоста ў адносінах з Беларуссю. Падобна, што гэты экзамен мы правалілі, і цяпер усю ініцыятыву можа ўзяць Польшча ды стаць сапраўдным лідарам ва Ўсходнім Партнёрстве, і яшчэ болей узмацніць сваю пазіцыю як сапраўды сталай еўрапейскай краіны".
Рамунас Багдонас пытаецца, як Літва мусіць апраўдацца і перад міжнароднымі донарамі "Вясны" — міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, а можа і пэўнымі краінамі ЕС і структурамі, блізкімі да Еўрасаюза. Перадача інфармацыі пра банкаўскія рахункі — моцны ўдар па міжнародным прэстыжы скандынаўскіх банкаў — SEB і DnbNord.
“Цяжка паверыць, што запытаны банк не разумеў, што прадстаўляў сабой рахунак Алеся Бяляцкага, што з яго не за тэлефон і не за электрычнасць плацілася", заўважае Рамунас Багдонас.
Свой артыкул ён пачынае са словаў прабачэння перад сваякамі і роднымі Алеся Бяляцкага і "ўсімі беларускімі патрыётамі". Ведайце, што ў Літве яшчэ ёсць людзі, якія такое "супрацоўніцтва" Мінюста называюць здрадай, піша літоўскі журналіст.