Літоўскі міністр узнагародзіў памежнікаў, якія не ўпусцілі беларускую чыноўніцу

Міністр унутраных спраў Літвы Раймундас Палайціс узнагародзіў памежнікаў Яўгенія Вінчу і Юстыню Клявінску за тое, што не
згубілі пільнасць і не прапусцілі намесніцу мінісітра юстыцыі Беларусі Алу Бодак на тэрыторыю ЕС, паведамляе lrytas.lt.

"Гэта не быў асаблівы дзень. Адмовы ва ўедзе ў краіну здараюцца штодня. Гэты выпадак адрозны тым, што не ўпусцілі непажаданага палітыка", — паведаміла Юстына Клявінска.

Напісанне прозвішча беларускай чыноўніцы ў пашпарце і памежнай сістэме адрознівалася, перадае літоўскі партал. Тады памежнікі для праверкі даслалі запыт у Дэпартамент міграцыі, а той — у МУС. У выніку Ала Бодак, адна з сямі ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі, засталася ў Беларусі.

Lrytas.lt таксама спасылаецца на сваю крыніцу, якая шмат гадоў працавала ў сістэме ўнутраных спраў, паводле якой непажаданым беларускім палітыкам раней неаднаразова ўдавалася трапляць у Літву. Маўляў, высокім чыноўнікам, у тым ліку і Але Бадак, у Літве ўдавалася адпачываць і хадзіць па крамах.

Міністр унутраных спраў Літвы сцвярджае, што пра гэта не ведае. Мажліва, гэта было да таго, як іх уключылі ў "чорны спіс", перадае словы Палайціса літоўскі партал. "На гэта магло б адказаць міністэрства замежных спраў", — дадае міністр.

Фота — lrytas.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі