Мілінкевіч: Мы пагаворым у Варшаве пра ўзаемаадносіны ЕС і Беларусі
У Варшаве знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя беларускай апазіцыі. Аб праграме яе перамоваў у жывым эфіры Еўрарадыё распавёў Аляксандр Мілінкевіч.
Па словах кіраўніка Руху "За Свабоду", у іх адбудуцца сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Там будзе ісці размова пра сітуацыю на Беларусі, пра вызваленне палітвязняў, пра стан эканомікі, пра ўзаемаадносіны ЕС і Беларусі.
Візіт апазіцыі ў Варшаву Мілінкевіч лічыць вельмі важным менавіта ў цяперашні час:
Мілінкевіч: "Гэта вельмі важна зараз, калі ідзе мова пра магчымасць дыялогу. А ён не ад добрага жыцця ўладаў, магчыма, будзе наладжаны, а ад таго, што ёсць вялікія праблемы з эканомікай. А перш за ўсё ЕС можа быць партнёрам па мадэрнізацыі. І вельмі важна, каб унутры краіны было значна больш дэмакратыі, каб рэгістравалі палітычныя і грамадскія арганізацыі, каб былі свабодныя выбары, каб медыя маглі вольна дзейнічаць".
Па словах палітыка, у дэлегацыі прадстаўлены шырокі спектр беларускай апазіцыі, якая мае кансенус наконт беларускай палітыкі і адносінаў з цывілізаваным светам. Нагадаем, што ў склад дэлегацыі ўваходзяць таксама кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.
Фота — nn.by