Міліцыянты не змаглі патлумачыць затрыманаму яго правы

Сёння чарговая серада праходзіць без "маўклівых" акцый. Але ў Еўрарадыё з'явілася нагода вярнуцца да гэтай тэмы. Мы адшукалі аднаго з герояў110810 Mikhail_site.mp3
Еўрарадыё: Распавядзіце, як вас затрымлівалі? Нам вядома, што затрыманне было вельмі жорсткім, ці так гэта?

Міхаіл: 13-га я проста ішоў па плошчы. Падбеглі людзі ў штацкім, бандыцкага выгляду, без усялякага прадстаўлення дакументаў сталі мяне некуды цягнуць. Я супраціўляўся, а калі гэта бандыты, а калі мяне зараз скрадуць? Я вельмі моцна супраціўляўся, яны мяне, здаецца, утрох круцілі. Удвух не скруцілі, сталі ўтрох, учатырох, адзін паказваў дарогу. Пакуль я супраціўляўся, яны выкарыстоўвалі розныя болевыя прыёмы. Пасля я даведаўся, што ў мяне рабро трэснула. Тэлефон разбілі, ён ім пад ногі ўпаў, яны неспецыяльна, растапталі яго. Пасля закінулі ў гэты аўтобус.

Еўрарадыё: Што было пасля таго, як вас закінулі ў аўтобус?

Міхаіл: Пасля з невялікага аўтобуса "Фольксваген" без нумароў мяне перавялі ў аўтобус са спецназаўцамі. Яны сябе паводзілі ледзь не па-сяброўску, але адчувалася, што яны лічаць усіх, каго затрымалі, літаральна ворагамі. Яны нават распавялі, што кожны з нас атрымаў па 20 долараў, нібыта, але не распавялі, дзе гэтыя 20 долараў можна атрымаць.

Еўрарадыё: Што было ў міліцыі?

Міхаіл: У самім РУУС мне дастаўся нейкі міліцыянер, які пэўна не вельмі разбіраўся ў гэтай справе, ён увесь час пытаўся ў сваіх калегаў, як гэта аформіць? Даволі доўга ён мяне вадзіў. Адбіткі пальцаў здымалі. У пратаколе было напісана, што мне павінны былі патлумачыць мае правы, калі я папрасіў мне патлумачыць мае правы, ніхто з міліцыянераў не змог гэтага зрабіць. Сказалі, што "трэба кніжку шукаць". Карацей, яны мне так і не патлумачылі мае правы. Даволі забаўна атрымалася...


Пасля прынеслі пратакол, дзе былі паказанні нейкіх людзей, якія напісалі, што я лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў... У мяне супрацоўнік міліцыі спытаў, ці згодны я з гэтым, я сказаў, што не. Я напісаў у пратаколе, што не згодны з ім. Сказаў, што я прынцыпова (гэта сапраўды так) не лаюся матам. На што супрацоўнік міліцыі, які стаяў побач, сказаў, што "вельмі дарэмна". Пасля гэтага адвезлі на Акрэсціна, дзе недзе паўтара сутак пратрымалі без вады і ежы. Быў суд, далі 3 сутак.

Еўрарадыё: Ці звярталіся вы да лекара, як вы даведаліся, што ў вас трэснула рабро?

Міхаіл: Пра гэта я даведаўся, калі выйшаў на волю, бо ў мяне балела ў раёне сэрца, але незразумела было... Урачу ў ізалятары так і сказаў, што сэрца баліць. Яна сказала, што калі будзе горш, то звяртайцеся. А пасля, калі я выйшаў, звярнуўся ў паліклініку, і там даведаўся пра гэта.

Еўрарадыё: Што вы думаеце ўвогуле пра гэтыя "маўклівыя акцыі" і пра тое, што яны затухлі?

Міхаіл: Я на Акрэсціна паразмаўляў з людзьмі, якія там сядзелі, дарэчы, з вельмі добрымі людзьмі. Там чамусьці былі людзі як на падбор вельмі добрыя. Са шматлікімі я там пасябраваў. Гэта мне проста адкрыла вочы на многія факты, якія я не заўважаў раней. Я думаю, калі цяпер будуць такія акцыі, то я ў іх буду ўдзельнічаць. Бо ў той акцыі, калі быў затрыманы, я не ўдзельнічаў, проста праходзіў там”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі