Мінюст Літвы: Пра палітычныя наступствы не ведалі
З такой заявай выступіў намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткевічус.
Па яго словах, калі Мінюст Літвы атрымаў запыт аб прававой дапамозе, які змяшчаў і прозвішча Алеся Бяляцкага, то не думаў, што гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная з палітычнымі мэтамі.
"Калі б нешта ўказвала, што прававую дапамогу могуць выкарыстаць з палітычнымі мэтамі, то мы б яе не аказалі. Мы сапраўды маем права не прадстаўляць яе. Мы на яго (прозвішча Бяляцкага. — Еўрарадыё) не звярнулі ўвагі. Гэтае прозвішча мы не ідэнтыфікавалі як асобу, якая кіруе апазіцыйным рухам", — перадае DELFI апраўданні літоўскага чыноўніка.
Па словах Вайткевічуса, у цэнтры Еўропы не мусіць быць палітычных вязняў, а выпадак з Бяляцкім — першы такога кшталту. Рашэнне беларускага боку Вайткевічус назваў нікчэмным. Ён таксама выказаў спадзяванне, што легальную дзірку хутка "зацыруюць" і падобныя выпадкі не паўторацца.