Наваполацкія актывісты зладзілі акцыю-выклік
Яўген Парчынскі і Сяргей Малашонак сфатаграфаваліся на ганку гарадскога суда з партрэтамі асуджанага Алеся Бяляцкага.
Новапалачане зрабілі тое самае, што і гродзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч, адзначае Радыё "Свабода". Нагадаем, што гродзенцаў за падобнае фота, выкладзенае ў інтэрнэце, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафавалі на 1,5 мільёна рублёў кожнага.
Фотаздымак наваполацкія актывісты выклалі на незалежным сайце freeregion.info.
Удзельнікі акцыі свядома пайшлі на такі крок, бо перакананыя ў абсурднасці суда над гродзенскімі праваабаронцамі. Міліцыянты склалі на іх рапарт пра несанкцыянаваны пікет, спаслаўшыся на фотаздымак у інтэрнэце.