Наваполацкага праваабаронцу выклікаюць у ДФР па справе Бяляцкага

110818 SushkoS.mp3

Праваабаронцу ПЦ “Вясна” Змітру Салаўёву 17 жніўня патэлефанавала невядомая асоба і сказала, што яна з'яўляецца следчай упраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў па прозвішчы Касынкіна. Па тэлефоне гэтая асоба запатрабавала ад праваабаронцы з’явіцца на допыт ва УДФР. Зміцер Салаўёў запатрабаваў афіцыйна даслаць яму позву, матываваўшы сваю просьбу патрэбай у юрыдычнай дапамозе адваката. Суразмоўца пагражала праваабаронцу штрафам за адмову з'явіцца на допыт. Аднак без належным чынам аформленай і дасланай позвы такія патрабаванні юрыдычна неабгрунтаваныя. Як вядома, супрацоўніца УДФР з прозвішчам Касынкіна ўзначальвае следчую групу, якая займаецца расследаваннем справы па абвінавачанні старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры (ч.2 арт. 243 КК РБ).


Еўрарадыё: Хадзілі вы на гэты допыт ці не?


Зміцер Салаўёў: Я запатрабаваў, каб мне была дасланая позва афіцыйная, дзе было б пазначана, па якой канкрэтна справе, у якасці каго. Яна [Касынкіна] казала, што ў якасці сведкі, але я ўсё роўна лічу, што позва павінна быць выдадзена афіцыйна.


Еўрарадыё: Гэтую позву яны не паспелі вам яшчэ прынесці?


Зміцер Салаўёў: Не, позву яны не прынеслі, бо тэлефанаванне было ўчора ў 16:40. Я таксама ёй сказаў, што мне неабходная позва, каб наняць адваката, бо зараз ідзе ціск на праваабаронцаў. Вы ведаеце, што старшыня нашай арганізацыі Алесь Бяляцкі зараз зняволены. З адвакатам у мяне ўжо заключана дамова. Зараз я чакаю позву і, адпаведна, са сваім адвакатам я схаджу на допыт.


Еўрарадыё: Ці можа пачацца хваля допытаў па “справе Бяляцкага”?


Зміцер Салаўёў: Думаю, што яны будуць любымі сродкамі спрабаваць ціснуць на праваабаронцаў і ў першую чаргу на сябраў ПЦ “Вясна”. Тое, што адбываецца ў нас у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў, сведчыць аб тым, што ў нас ужо дыктатарскі рэжым, які проста дзейнічае нахабна, парушаючы ўсе нашыя грамадзянскія свабоды, прапісаныя як у нацыянальным заканадаўстве, так і ў міжнародных актах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі