Някляеў: Упершыню мяне завялі ў пастарунак як стылягу ў 1961 годзе!

У біяграфіі Уладзіміра Някляева – суцэльныя парадоксы вакол ягонага нараджэння. Ён нарадзіўся ў Крэве, а запісалі Смаргонь, бо туды адвезлі маці ў лякарню. Нарадзіўся 9 ліпеня, а ў пашпарце значыцца 11. Чаму?

Уладзімір Някляеў: “Калі бацька са шчасця напіваецца, было б дзіўна, калі б ён дакладна запомніў, калі нарадзіўся ягоны сын. Тое самае адбылося і з маім бацькам. Я 9-га нарадзіўся, як сцвярджае мая маці, якая, па-першае, не піла ніколі, а па-другое, ніколі не маніла. А ён ужо, як прачмыхаўся трохі, праз два дні пайшоў у сельсавет, дзе тады працаваў старшынёй. І ў гэты ж дзень, зірнуўшы на каляндар, што там напісана, запісаў тым днём, калі ўсвядоміў, што ў яго рэальна ёсць сын”.

Дарэчы, нашы продкі наўмысна хавалі дзень нараджэння дзіцяці, не казалі нікому праўды. Лічылася, што калі ўсе будуць ведаць сапраўдны дзень, то нехта можа скарыстацца гэтым і сурочыць. Ці дапамагла Някляеву такая “падмена”?

Уладзімір Някляеў: “Былі ў маім жыцці, не такім ужо і кароткім, выпадкі, калі мне здавалася, што працягу ўжо не будзе. Але нейкае дзіва дзіўнае адбывалася – і ўсё доўжылася. Мінулым амаль што Новым годам, я маю на ўвазе падзеі 19 снежня, такое нешта падсцерагала нібыта мяне. Калі мяне голага забралі са шпіталю – і я падумаў, што калі голага забралі, дык ведаюць, што вопратка мне больш не спатрэбіцца. І я ўжо памаліўся – і ўсё выглядаў, якім шляхам мяне павязуць: у горад – то яшчэ ёсць нейкі шанец, а калі за кальцавую дарогу – то нямашака. І раптам у той час, калі я маліўся, усё-ткі адчуў, што павярнулі да жыцця”.

 

Нечаканка – прыхільнікі прынеслі паэту чарніцы, сабраныя ў Бярэзінскім запаведніку

У часе размовы высветлілася, што цяперашні паэт і палітык 40 гадоў таму быў… адным з першых мінскіх стылягаў!..

 

Уладзімір Някляеў: “І стылягам быў у свой час. Калі я прыехаў з вёскі, толькі-толькі агледзеўся ў Мінску, гэта быў 1961 год. Пад Новы год мяне ўпершыню як стылягу забралі ў пастарунак міліцыянты. Там на плошчы Якуба Коласа, дзе пазней быў рэстаран “На ростанях” – там быў пастарунак. Вось туды мяне зацягнулі. Гэта было за тое, што якраз парыўся, як бы нешта такое прыдумаць, чаго не прыдумляў ніхто”.

 

Усе, хто глядзеў расійскі фільм “Стылягі”, які, дарэчы, часткова здымаўся ў Мінску, ведаюць, што ў стылягаў павінен быць Брадвей. Дзе быў Брадвей у Мінску?

Уладзімір Някляеў: “Наш Брадвей у Мінску быў ад кавярні “Вясна” да кавярні “Бярозка”. “Вясна” – гэта… А што там у “Вясне” зараз?.. Вось не так даўно там была кавярня “Крыніца”… Цяпер гэта “Гранд кафэ”. Вось бачыце, я ўжо паціху перастаю парыцца!”

 

А ці змагаліся са стылягам Някляевым шчырыя камсамольцы – так, як паказана ў фільме?

 

Уладзімір Някляеў: “Нас, як і там у Маскве, лавілі тут, разразалі нам гэтыя дудачкі, стрыглі кокі гэтыя… Ну, паводзілі сябе прыкладна так, як паводзяць сённяшнія бандыты на маўклівых акцыях. Ну, не так, праўда, брутальна”.

 

Котка Магда мае гэткі ж свавольны характар, як і гаспадар – на руках высядзела ўсяго тры кадры

 

Някляеў кажа, што за гады многае забылася, а засталіся толькі дэталі, цікавыя і нечаканыя моманты.

 

Уладзімір Някляеў: “І ў “Лакамцы”, дарэчы, упершыню ў Мінску з’явілася кава. Яе прывозілі ў такім бідоне і разлівалі чарпаком у кубачкі. І мы на падаконніках сядзелі і пілі гэтую каву”.

 

Някляеў і цяпер часта прыязджае ў роднае Крэва. Там жыве ягоная цётка Алена, у роднай хаце ён любіць збірацца з братамі. Што ў Крэве, апроч памяці, засталося для Някляева дарагога ад бацькоў, якая рэч?

 

Уладзімір Някляеў: “Яна была ў Крэве, а зараз яна ўжо тут, у мяне дома. Гэта карціна, пейзаж. Нічога там такога нібыта і нямашака. Узлесак, маленькая фігура жанчыны на гэтым узлеску, з граблямі, на тле сонца, якое ўжо падае за лес. Відавочна, што яна збіраецца на ноч, каб не пабіла раса, гэта сена згрэбці ў капу. Пад гэтай карцінай, калі верыць зноў жа не толькі бацьку нападпітку, але і бацьку цвярозаму, і быў я, як ён мне казаў, “змайстраваны”. Так што ў нейкім сэнсе гэтая карціна блізкая мне сакральна – і яна ўжо ў нечым для мяне абраз…”

 

Пад гэтай карцінай Някляеў быў “змайстраваны”

 

6

З жонкай Вольгай у Крэўскім замку

 

Каля роднай хаты ў Крэве

 

 З любімай цёткай Аленай Магер

З братам Іванам

 

Еўрарадыё” віншуе Уладзіміра Някляева і зычыць яму заўсёды быць гэткім жа адметным!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі