Падтрымаць БАТЭ ў моцны мароз прыехаў нават брат Брэсана з Бразіліі

Толькі перамога не расчаруе Віктара Ганчарэнку ў матчы БАТЭ супраць французскага ПСЖ. Пра гэта трэнер барысаўчан распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ганчарэнка: “У любы час можна гуляць з любым сапернікам. Зразумела, што ў нас няма таго гульнявога тонусу, які ёсць восенню. Але гэта нешта новае, нешта нязведанае для нас. Жаданне перамагчы, жаданне згуляць з такім сапернікам, прайсці яго – гэта наша перавага”.

Па словах Віктара Ганчарэнкі, клуб зрабіў высновы пасля снежаньскага матчу супраць кіеўскага “Дынама”, калі гульня таксама праходзіла пры 15-градусным марозе. Тады Барысаў прайграў 1:4. Цяпер БАТЭ трэніраваўся не ў зале, а на стадыёне, а Віктар Ганчарэнка звярнуў увагу на досвед іншых каманд, якія гуляюць у складаных кліматычных умовах.

“І ўчора, і сёння мы трэніруемся на адкрытым паветры, на стадыёне “Дынама”. А перад матчам з кіеўскім “Дынама” мы правялі дзве трэніроўкі ў зале. Гэта мы адразу ж змянілі. Што з гэтага атрымаецца – пабачым заўтра. Ёсць і нейкія ўсемагчымыя варыянты па экіпіроўцы для таго, каб у першую чаргу было камфортна гуляць, а не думаць, як сагрэцца на футбольным полі. Рэнан у нас у адной майцы, улічваючы якое надвор’е”, – аджартаваўся трэнер.

Сам жа паўабаронца Рэнан Брэсан адзначыў, што гатовы, нягледзячы на моцны мароз, згуляць увесь матч. Тым больш, што падтрымаць яго з далёкай Бразіліі прыехаў брат.

Брэсан: “ПСЖ, зразумела, – вельмі моцная каманда. Там гуляюць вядомыя футбалісты: Макелеле, Жюлі, Нэнэ. Што рабіць?! Трэба з імі гуляць. Будзем змагацца да канца. Я думаю, што нам па сілах. Шанцы на выхад 50 на 50. Спадзяюся, што пакажам добры футбол і добры вынік”.ПСЖ, зразумела, – вельмі моцная каманда. Там гуляюць вядомыя футбалісты: Макелеле, Жюлі, Нэнэ. Што рабіць?! Трэба з імі гуляць. Будзем змагацца да канца

На матч супраць французаў заяўленыя і трое навічкоў БАТЭ – абаронца Марка Сіміч ды хаўбэкі Філіп Рудзік і Міхаіл Гардзяйчук. Невядома, ці выйдуць яны на поле, але трэнер навічкамі задаволены.

Ганчарэнка: “Мы ўсімі навічкамі, якія прыйшлі да нас, вельмі задаволеныя. Гэта Рудзік, Гардзяйчук і Сіміч. Свежая кроў заўсёды патрэбная кожнаму калектыву, нават самаму паспяховаму. Яны, магчыма, яшчэ не да канца адаптаваліся да нашых патрабаванняў, асабліва гэта тычыцца Рудзіка і Гардзейчука. Але прагрэс бачны, і яны ўжо разумеюць частку патрабаванняў, якія мы высоўваем. У іх свае моцныя бакі, якія нам дапамогуць у будучым. Што тычыцца Сіміча, то яму нашмат прасцей. Ён кваліфікаваны абаронца і хутка засвоіў нашы патрабаванні”.

Нагадаем, першы матч 1/16 Лігі Еўропы БАТЭ-ПСЖ адбудзецца 17 лютага на мінскім стадыёне “Дынама” ў 20.00. Напярэдадні французскі клуб папрасіў УЕФА перанесці гульню з вечара на дзень, але эксперты пакінулі ўсё без зменаў. Аднак матч яшчэ можа быць перанесены. За гадзіну да яго пачатку арбітры замераюць тэмпературу паветра, і калі яна апынецца ніжэй за 15 градусаў марозу, то вырашаць будуць самі клубы. Калі адна з каманд адмовіцца – матч давядзецца пераносіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі