Падземны паркінг пад Кастрычніцкай плошчай будзе толькі ў 2015 годзе (фота)
Хаця распачаць будаўніцтва абяцалі яшчэ мінулай вясной.
Як даведалася Еўрарадыё, праектаванне другога вялікага падземнага паркінгу прыпынілі.
“Праектаванне прыпынілі да 2014 года. Засталося яшчэ 15-18% праектных працаў, у тым ліку – дадаткова правесці археалогію. Я думаю, што ў 2015 годзе мы будзем гатовыя пачаць будаўніцтва. А пакуль прыпынілі праектаванне. Адпаведна, і будаўніцтва прыпынілі”, — кажа Еўрарадыё галоўны інжынер камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына” Міхаіл Жых.
Паркінг, калі ён усё ж такі будзе, заглыбіцца на 16 метраў пад Кастрычніцкай плошчай. На чатырох узроўнях мусіць размясціць 620 аўтамабіляў. Уезд і выезд у новы паркінг будзе знаходзіцца на вуліцы Энгельса, дзе з’явіцца спецыяльная “кішэня”.