Палітвязень Дашкевіч атрымаў адзінае на год спатканне з жонкай
Яно адбылося ў Гродзенскай турме, дзе знаходзіцца Зміцер Дашкевіч.
Спатканне доўжылася дзве гадзіны. Гэта адзінае спатканне, дазволенае палітвязню на год паводле турэмнага рэжыму. Пра гэта Наста Дашкевіч распавяла ў каментары Еўрарадыё:
Наста Дашкевіч: "Гэта адзіныя дзве гадзіны за год, то бок, адзінае спатканне за год. Выглядае Зміцер так, як чалавек, які два гады адбыў у зняволенні. Ён схуднелы, бледны вельмі, з нейкімі мяшкамі пад вачыма. Бачна, што шмат піша, шмат чытае... Але пры гэтым мае добры настрой, добры дух. Безумоўна, бачна, што фізічна ён стомлены ад сітуацыі, у якой знаходзіцца. Але надзеі не губляе, трымаецца".
Пра ўмовы ўтрымання Дашкевіча ў турме жонка кажа няшмат. Адзначае толькі, што ён знаходзіцца ў камеры адзін.
Па словах Насты, наступны раз яна спадзяецца пабачыць Змітра ўжо на волі — яго тэрмін арышту заканчваецца сёлета ў канцы жніўня.