Палітвязня Дашкевіча перавялі ў атрад глыбоцкай калоніі №13

Пра перавод Змітра Дашкевіча ў атрад у каментары Еўрарадыё паведаміла яго нявеста Наста Палажанка. Па яе словах, амаль паўтара года палітвязень правёў у камернай сістэме.

Аднак перавод у атрад Палажанка не лічыць паслабленнем рэжыму для Дашкевіча:

Палажанка: "Наадварот, атрад — гэта спроба магчымых нейкіх новых цяжкасцяў, ускладненняў, правакацыяў. Дзе больш людзей — там большае поле для манеўраў, калі ёсць такое жаданне ўскладніць жыццё. Таму мы вельмі насцярожана ставімся да гэтага працэсу і ўсё адно перажываем".

Па словах Палажанкі, у Змітра Дашкевіча высокая тэмпература, але яму не прызначаюць пасцельны рэжым:

Палажанка: "Ён ходзіць на працу ўжо, але ў лістах пакуль не здолеў удакладніць — на якую. Каб дабіцца спальны рэжым, трэба мець тэмпературу 38 градусаў. У Змітра 37,9 — і ён не можа дамагчыся, каб яго паклалі на аздараўленне".

Нагадаем, Змітра Дашкевіча разам з Эдуардам Лобавым затрымалі ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Іх звінавацілі ў хуліганстве Дашкевіча асудзілі на два гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні яму прапанавалі напісаць прашэнне пра памілаванне, але ён адмовіўся.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі