ПРААН вінаваціць Курэйчыка ў парушэнні аўтарскіх правоў

Аўтары серыяла “Вышэй за неба” просяць ПРААН дазволіць паказ поўнаметражнай версіі стужкі, якую яны змантавалі самі. Фільм доўжыцца 2 гадзіны 10 хвілінаў. Аўтар сцэнарыя Андрэй Курэйчык лічыць яго сапраўдным фестывальным кіно, якое магло б прадстаўляць нашу краіну на самых прэстыжных форумах. Але, паколькі ўсе правы на зняты матэрыял належаць ПРААН, драматург не можа гэтага зрабіць. 

Каардынатар кінапраекта ад Праграмы развіцця ААН Марыя Маліноўская лічыць, што сітуацыя беспадстаўна раздзьмутая не ў той бок. “Пра нейкія кароткія версіі “Вышэй за неба” можна гаварыць, калі зробленая поўная версія. Гэта некарэктна - рабіць кароткую версію з матэрыялу для 8 серый. Зараз працоўная група ПРААН робіць 8 серый, а ўжо пасля, магчыма, можна абмяркоўваць стварэнне нейкіх варыянтаў, якія, дарэчы, першапачаткова не прадугледжваліся”.

 
Сцэнарыст і мастацкі кіраўнік стужкі Андрэй Курэйчык мяркуе, што ПРААН не дазваляе паказваць кіно, бо ў ім занадта жорстка адлюстравана жыццё моладзі. 


“Ужо некалькі месяцаў мы дасылаем туды лісты і кажам, што вось мы зрабілі кіно, што ў нас ёсць такі варыянт, але не атрымліваем адказу. Я думаю, што гэта звязана з тым, што калі чыноўнікі ПРААН убачылі кінаматэрыял, яны зразумелі, што кіно атрымалася вельмі шчырым, задзірлівым, няпростым. І, можа быць, яны палічылі, што не варта гэта выпускаць”.

 
Да таго ж драматург выказвае падазрэнне, што фільм праходзіць цэнзуру – маўляў, там ёсць моманты, якія б не прыняло дзяржаўнае тэлебачанне:
“Там гучыць Ляпіс Трубяцкой, N.R.M. – як частка нашай рэчаіснасці. Там зняліся тыя людзі, якія ў нейкіх спісах знаходзяцца – Вайцюшкевіч, Хаменка, Кулінковіч. Можа быць, з-за гэтага яны баяцца браць на сябе адказнасць, каб іх не абвінавацілі ў нечым, такая палітычная цэнзура. Але яны проста нічога не гавораць, не – і ўсё”.

У ПРААН такі паварот падзеяў абвяргаюць. Марыя Маліноўская тлумачыць, што непасрэдна да сцэнарыю прэтэнзій няма. Наадварот: сцэнарый абсалютна адпавядае патрабаванням драйвовага, маладзёжнага і цікавага серыялу, і згодна з ім цяпер і працуе каманда. А тое, што ў звароце аўтараў праекта выкарыстоўваліся кадры з серыяла, і ўсё гэта выкладзена ў інтэрнэце – у ПРААН лічаць парушэннем аўтарскіх правоў.


Любое размяшчэнне павінна быць узгодненае з праваўладальнікамі. Нам не было пададзена ніякае відэа. Адзіны ўзгоднены ролік – гэта ролік-знаёмства. Мы, як і любыя кінавытворцы, не збіраліся выкладаць ніякае відэа, пакуль яно не зроблена якасна”, – расказвае Маліноўская.


Нягледзячы на канфлікт, Андрэй Курэйчык спадзяецца, што фільм усё ж выйдзе. І гатовы нават на тое, каб яго “адцэнзуравалі”.


“Мы спадзяемся толькі на добрую волю з абодвух бакоў. Мы хацелі б, каб быў гэты неадцэнзураваны, поўны, рэжысёрскі варыянт, дзе кіно знятае так, як мы і марылі, каб яно было знятае. Няхай яно будзе для вельмі абмежаванага пракату, для фестываляў. Няхай яно не пойдзе па БТ – нічога страшнага. Ну, а калі яны хочуць зрабіць для БТ урэзаную версію – я таксама згодны на гэта пайсці ў надзеі на тое, што наша кіно, сапраўднае, будзе мець нейкае жыццё”.

Цягам месяца ПРААН плануе паказаць першую серыю “Вышэй за неба”. Але спачатку яе “адкатаюць” на маладзёжнай фокус-групе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі