Праграмісты таксама атрымалі па 500 тысяч “на бульбу”
Але некаторым з іх ужо сказалі, што вылічаць грошы з наступнага заробку.
“Я вельмі здзівіўся, калі пабачыў на картцы лішнія 500 тысяч”, — кажа Еўрарадыё Дзмітрый, які працуе ў адной з прыватных IT-кампаній у Мінску. Хлопец быў абсалютна ўпэўнены, што працуе ў камерцыйнай фірме… Таму падумаў, што, магчыма, арганізацыя лічыцца трошку дзяржаўнай з-за сяброўства ў Парку высокіх тэхналогій.
Мы вырашылі гэта праверыць. Але памылкі тут няма. Як высветліла Еўрарадыё, грошы “на бульбу” выплацілі не толькі бюджэтнікам.
“Рэкамендаваць кіраўнікам арганізацый, на працаўнікоў якіх не распаўсюджваецца дзеянне гэтага Указа, выплаціць аднаразовую матэрыяльную дапамогу працаўнікам, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў арганізацый”, — адзначана ва Указе № 417 "Пра аднаразовую матэрыяльную дапамогу".
Як даведалася Еўрарадыё, кампанія IBA таксама выплаціла па 500 тысяч усім сваім супрацоўнікам. Галоўны бухгалтар арганізацыі лічыць, што лішнія грошы сёння нікому не зашкодзяць.
IBA: “Былі тлумачэнні, што калі ў кампаніі ёсць сродкі, то можна таксама выплаціць сваім супрацоўнікам аднаразовую дапамогу з прыбытку. І гэта не толькі мы так зрабілі, а шмат якія кампаніі, у якіх ёсць сродкі на сваіх супрацоўнікаў. Тым больш улічваючы тую абстаноўку ў рэспубліцы… Бачыце, як тут незразумела: долар расце, прадукты харчавання і ўсё астатняе даражэе… Чаму б і не выплаціць, калі ёсць такая магчымасць у прадпрыемства…”
Дзмітрый кажа, што праграмістаў нельга лічыць беднай катэгорыяй насельніцтва, але ўсё адно было прыемна…
Дзмітрый: “Я ўжо неяк змірыўся, што 500 тысяч мне ніяк не свецяць. Таму, мне было нечакана прыемна. У мяне як раз беларускія рублі заканчваліся... А на гэтыя грошы я купіў новы ўнітаз у кватэру, якую цяпер здымаю”.
Еўрарадыё: Ці не лічыце, што праграмісты як раз не тая катэгорыя насельніцтва, якой патрэбная дапамога на набыццё бульбы?
Дзмітрый: “Тут пытанне, адкуль гэтыя грошы ўзялі. Калі іх узялі з бюджэту, то так… з майго пункту гледжання — гэта няправільна. Таму што на ўнітаз я б памяняў ужо 100 долараў і купіў бы на іх. Калі гэта звязана з ініцыятывай нашай кампаніі, то чаму б і не?”
Праз некаторы час пасля размовы Дзмітрый ператэлефанаваў у рэдакцыю Еўрарадыё і сказаў, што адмаўляецца ад свайго папярэдняга каментара, бо даведаўся, што 500 тысяч, якія кампанія выплаціла па сваёй ініцыятыве… вылічаць з наступнага заробку!
Дзмітрый: “Не ведаю, ці ўсю суму… Але заробак зменшыцца”.
У бухгалтэрыі тлумачаць, што дапамогу выплацілі з фонду заработнай платы. І таму ў наступным месяцы заробак будзе меншым…