Прэзідэнт указам вызваліў ад падаткаў... прадпрымальніцу
Інвалід першай групы Таццяна Пранько 18 гадоў працуе на рынку, зараз гандлюе прыправамі. Падатак складае 1 мільён трыста рублёў.
Указам №108 прэзідэнт вызваляе ад падаткаў прадпрымальніцу. Еўрарадыё знайшло жанчыну і пагутарыла з ёй.
“Спачатку мяне вызваляў Пінскі гарвыканкам, гадоў 5 або 6. А пасля выйшаў указ прэзідэнта, што гарвыканкам не можа вызваляць. І мне ўжо сказалі, што вы нічога не даб’ецеся. Але я пачала пісаць. То ў Брэст, то ў Мінск — паўсюль адмовы, адмовы, адмовы… Я пісала-пісала — год, напэўна… Можа, ім ужо і надакучыла. Ездзіла на прыём у прэзідэнцкую камісію”, — распавядае Таццяна Пранько.
Жанчына жыве ў Пінску з мужам і дачкой. Яна з дзяцінства — інвалід першай групы (ДЦП), вазочніца. Кажа, што хоць палёгка без падаткаў і вялікая, але працуе ўсё адно не дзеля грошай.
Таццяна Пранько: “Я гандлюю, каб з людзьмі сустракацца. Калі сядзець дома ўвесь час, то можна ўжо і чокнуцца. У мяне ёсць пастаянныя кліенты, якія заўсёды да мяне ідуць, толькі са мной працуюць”.
Кожны дзень муж Таццяны вязе яе на рынак.“Вы б на працу так не паехалі, як яна ездзіць — у любое надвор’е, — распавядае Еўрарадыё суседка Таццяны па доме. — Прадае розныя штучкі, то жвачку, то гузік. Дробязь… Але чалавек выжывае”.
Ужо 18 гадоў як Таццяна Пранько працуе на рынку ў Пінску. Сёння гандлюе прыправамі.
Таццяна Пранько: “За гэтыя гады пераспрабавала ўсё, што хочаш. І “анучамі” гандлявала, і прысмакамі, і ўсім, чым хочаш. Цяпер я гандлюю прыправай. Толькі прыправы, і ўсё".
Нягледзячы на пазітыўны настрой, Таццяна прызнаецца, што праблемаў хапае. Раней дапамагалі бацькі, але цяпер ім самім трэба дапамагаць. А пенсія ўвогуле смешная — усяго 860 тысяч рублёў! Застаецца спадзявацца толькі на сябе.Таццяна гаворыць, што сумуе па былых часах: “раней было прасцей”. Можна было і грошы большыя зарабіць. Цяпер канкурэнцыя вельмі вялікая. Бывае, што зусім нічога за месяц не зарабляе!
“Бывае больш, бывае менш, а бывае і ўвогуле — нуль! У месяц. Цяпер вельмі шмат паадчынялася крамаў вялікіх — "Алмі" ды "Еўраопты". Цяпер вельмі цяжка ў гэтым бізнесе выжыць. Раней было лягчэй. Я і кватэру тады пабудавала ў тыя часы. А цяпер прадпрымальнікаў усё больш і больш. Але мне хапае — аплаціць кватэру ды пражыць месяц, купіць прадукты. На гэта хапае”.
Таццяна збіраецца і надалей гандляваць на рынку. Але рыхтуецца да таго, што гэта ўжо апошні раз яе вызвалілі ад падаткаў.
Фота: http://pmo.by