Распрацоўкай брэнда Мінска ўжо зацікавіліся больш за 10 кампаній

“І расіяне падключыліся актыўна, і беларускія PR-агенцтвы, напрыклад, Інстытут PR'а”, — паведаміла Еўрарадыё дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” Алена Пліс.

Да канца года ахвочыя пададуць свае камерцыйныя прапановы па стварэнні турыстычнага стылю Мінска. Яны мусяць не проста прыдумаць каляровую гаму, лагатып і слоган сталіцы, але цэлы комплекс мерапрыемстваў. Для стварэння якаснай канцэпцыі брэнда трэба, у тым ліку, правесці сацыялагічныя даследаванні сярод мінчукоў, удакладніла Алена Пліс.

Найлепшы з прапанаваных праектаў вызначыць камісія з чыноўнікаў, дызайнераў, гісторыкаў і піяршчыкаў. Удзельнічаць у выбары будуць і простыя грамадзяне. Па словах Алены Пліс, абмяркоўваць гарадскі турыстычны стыль мажліва будуць на сайце Мінгарвыканкама.

Сярод зацікаўленых у распрацоўцы брэнда — і брытанская кампанія, якая ацэньвае сваю працу ў 300 тысяч долараў. Цяпер іншыя кампаніі арыентуюцца на гэтую суму. Але абмежаванняў няма.

Алена Пліс: “За распрацоўку стылю Кіева заключылі кантракт з нямецкай фірмай на 3 мільёны долараў. Колькі заўгодна можа каштаваць, але ж павінен быць абгрунтаваны эканамічны эфект ад укладзеных грошай”.

Рэалізоўваць брэндавую канцэпцыю актыўна пачнуць з 2012 года. Ужо ў канцы лістапада ў межах Другога міжнароднага форума “Імідж Беларусі” могуць зладзіць збор заявак ад PR-кампаній і прэзентаваць імідж сталіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі