Рэктар БДУІР: Муамар Кадафі па-ранейшаму наш ганаровы доктар
А ў самім універсітэце працягваюць вучыцца лівійскія студэнты, за адукацыю якіх Лівія аплаціла датэрмінова... акурат перад звяржэннем Кадафі.
Муамар Кадафі па-ранейшаму з'яўляецца ганаровым доктарам БДУІР. Пытанне наконт таго, каб скасаваць званне, не падымалася. Пра гэта Еўрарадыё распавёў рэктар універсітэта Міхаіл Батура.
Пасля смерці, лівійскі лідар нечакана знік са спісу ганаровых дактароў на сайце БДУІР. Але па словах рэктара, яго фота проста прыбралі. Прычыну ён тлумачыць не стаў, але нагадаў, дзякуючы чаму Кадафі атрымаў такое званне.
"Мы за апошнія 5 гадоў для іх вялікую колькасць падрыхтавалі аспірантаў, магістрантаў. Шмат спецыялістаў па іх дзяржаўнай замове выпусцілі. Такая інтэнсіўная была праца. Мы ведаем, што ў гэтым была яго асабістая падтрымка. Таму было прынята такое рашэнне (зрабіць Кадафі ганаровым доктарам - Еўрарадыё). А цяпер будзем думаць".
Дарэчы, студэнты з Лівіі па ранейшаму будуць вучыцца ў БДУІР. Прынамсі да канца бягучага навучальнага года. Аказалася, што грошы за іх адукацыю Лівія заплаціла на год наперад, загадзя, яшчэ да таго як лівійскія паўстанцы захапілі краіну, а амбасада ў Мінску змяніла сцяг.
"Яны паступілі вельмі прадбачліва і на карысць навучэнцаў, – расказвае рэктар універсітэта Міхаіл Батура. – У чэрвені лівійскае пасольства ў Беларусі запытала ў нас інфармацыю аб кошце навучання гэтых маладых людзей з Лівіі. Яны пералічылі грошы загадзя, хаця па кантракце павінны былі першую палову аплаціць да 1 кастрычніка, а другую да 1 сакавіка".
Цяпер у БДУІР навучаюцца каля 18 лівійцаў, гэта магістранты і аспіранты. Новыя студэнты ўжо не паступалі.
За кожнага магістранта Лівія плаціла ад 2 да 3 тысяч долараў за год, за аспіранта ад 3 да 5 тысяч. Міхаіл Батура кажа, што гэта выгадна, хаця не асабліва рэнтабельна. Пакуль што пытанне наконт далейшага ўзаемадзеяння універсітэта з Лівіяй не падымалася, вырашылі пачакаць да другога семестра.
"Мы нейкі час пачакаем. У гэтым годзе ўжо не будзем чапаць. Яны не многія з замежных пасольстваў, якія пастаянна запытвалі інфармацыю падрабязную, як ідзе навучанне, хто прапускае заняткі, якая паспяховасць. Пачакаем, можа ў гэтым годзе да заканчэння семестра яны таксама могуць пацікавіцца, тады адкажам. Не, мы выйдзем самі з ініцыятывай".
Так раней выглядала старонка на сайце. А цяпер выгладе вось так: