RockerJoker рэпетуюць лірычную праграму з эстрадным гучаннем (Фота, відэа)

120321 Malina RJ.mp3

Яшчэ напачатку гэтага года алка-бугі-гурт RockerJoker вырашыў адзначыць свой другі Дзень нараджэння прэзентацыяй сямі песень ў пашыраным складзе. Тады на канцэрце ў Графіці да Міхея Насарогава ды Макса Сірага далучыліся гітарыст і кантрабасіст "Серебряной свадьбы" Зміцер Гаўрылік і Арцём Гаўрушын ды клавішнік Макс Івашын.

Але на гэтым эксперыменты музыкі вырашылі не спыняць - яны запрасілі бубнача і зараз актыўна рэпетуюць зусім новую праграму.

"Мы з Максам узялі на сябе адказнасць за гэтае рашэнне, - дзеліцца новым падыходам да адбору песень Міхей Насарогаў. - Мы хочам паспрабаваць зрабіць прыбраную, прыгожую праграму, без правакацый, без нейкіх калючых рэчаў. Па магчымасці, зрабіць яе фарматнай ды цікавай. Не ведаем, наколькі кардынальна гэта будзе адрознівацца ад RockerJoker, але, напэўна, тут будзе больш усялякай любоўнай лірыкі і іншых падобных рэчаў".

Міхей дадае, што ёсць жаданне, наблізіцца да якаснага эстраднага гучання, але яшчэ незразумела, ці атрымаецца гэта. Тым не менш, пакуль аранжыраваннем займаюцца ўсе разам. То бок няма такога, што нехта прыносіць песню і загадвае, каму што граць. Звыклыя укулеле ды баян адыйшлі на другі план і з'яўляюцца цяпер толькі ў якасці фона. Таму гучанне атрымліваецца, як у класічнага блюзавага біг-бэнда без духавых, - лічаць музыкі.

Праўда, зараз перад музыкамі ўстала іншае пытанне: ці варта ў такім складзе працягваць называцца RockerJoker?

"Запрошана нямала, на наш погляд, добрых і самадастатковых музыкаў, якія прыўносяць у новы праект не менш за наша, а таму, у любым выпадку, гэта ўжо не RockerJoker, - тлумачыць сітуацыю Макс Сіры, а Насарогаў дадае. - Мы сабралі склад, у якога была дакладная мэта: паказаць нашаму гледачу нешта гэткае. Проста была пэўная колькасць напрацовак, якія мы з Максам не вырашаліся зрабіць на дваіх. Але ў працэсе з'явілася пытанне, які ж сэнс тады ў калектыве. Ён мусіць быць апраўданы, а "RockerJoker пашыраны склад" - гэта не зусім зразумела".

Тым не менш, паралельна дуэт Насарогаў-Сіры працуе і над матэрыялам менавіта для RockerJoker. Музыкі запэўніваюць, што размовы пра закрыццё алка-бугі-праекта пакуль не вядзецца. Але назву для пашыранага складу яшчэ не прыдумалі, маўляў, пакуль нічога не кладзецца на вушы.

Падчас рэпетыцыі на студыі "ОСМОС", на якой прысутнічала Еўрарадыё, музыкі разбіралі ўжо дзевятую кампазіцыю. Па прызнанні Міхея, ён паўтары гадзіны рэпетаваў гэтую песню дома пад метраном, а калі прыйшоў на рэпетыцыю, Макс паведаміў, што змяніў акорды і ніякіх пярэчанняў не прымае.

"Проста тут не я канцэптуаліст, - паўжартуе Міхей. - мне кажуць што граць, я граю".

Да канца вясны музыкі плануюць зрабіць і прэзентаваць праграму не менш, чым на 40 хвілін. Калі ўсё будзе адрэпетавана, пачнецца запіс, праўда, пакуль не вырашана, які. Ёсць жаданне зрабіць студыйны канцэрт, які і будзе потым выдадзены, але калі не атрымаецца, то зробяць просты альбом.

Насамрэч, дуэт RockerJoker відавочна знаходзіцца ў напалову шокавым стане. Бачна, што ім падабаецца тое, што атрымліваецца. Але ні Міхей, ні Макс пакуль дакладна не ведаюць, што з гэтым рабіць.

Напрыканцы размовы хлопцы кінулі выраз, на які Еўрарадыё адразу не звярнула ўвагі, маўляў, "Магчыма, пасля выхаду новай праграмы, RockerJoker ужо нікому не будзе патрэбны. Зараз ідуць роды, а што нарадзіцца – невядома".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі