Самы стары тэатр краіны рэстаўруюць “усляпую” (фота)

“Не думаю, што архітэктары “Грамадзянпраекта” сёння валодаюць інфармацыяй аб тым, якім быў першапачатковы выгляд гэтага тэатра. І нават, калі дакладна ён быў пабудаваны. Таму што тэатр манежавага тыпу часоў Тызенгаўза – гэта не той будынак, які мы маем зараз. Зараз мы маем будынак або самага канца 18, або пачатку 19 стагоддзя”, -- расказвае Еўрарадыё гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

Нейкіх выяваў і планаў тэатра Тызенгаўза, насамрэч, няма. Самыя першыя з іх датуюцца канцом 19 стагоддзя, калі тэатр ужо быў перабудаваны. Адкуль тады будаўнікі ведаюць, што і як ім рабіць?

Галоўны рэжысёр тэатру, Алег Жугжда, кажа, што менавіта гэта і абурыла акцёраў. Ліст з патрабаваннем разабрацца яны накіравалі ў Мінкульт і асабіста гродзенскаму губернатару Сямёну Шапіры.

“Не прапрацаваныя гістарычныя дакументы, не паднятыя гістарычныя чарцяжы будынка. Будынак гэты ўсё ж такі не толькі помнік архітэктуры, але і помнік культуры – гэта першы тэатральны будынак на тэрыторыі Беларусі”, -- расказвае рэжысёр.

Губернатар нечакана запрашае акцёраў і кіраўніцтва тэатра на сустрэчу, пасля якой дырэктар тэатра Аляксандр Ігнаценка напісаў заяву на звальненне.

Не ўсе акцёры Гродзенскага тэатра лялек бачаць у будучай рэканструкцыі грандыёзную пагрозу. Віктар Шалкевіч расказвае Еўрарадыё, што не бачыць ніякай праблемы.

“У адрозненні ад Купалаўскага тэатра, дзе палову яго адрэзалі, у нас тэатр стаіць на месцы. Усё нармальна робіцца”.

Але прыклад рэстаўрацыі сталічнага Купалаўскага тэатру паказвае, што ў выніку ад арыгінальнага будынку можа мала што застацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі