НІСЭПД: Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас з 20,5% да 24%
Такія вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў снежні 2011 года. Прычынай росту сацыёлагі называюць “матэрыяльную дапамогу” ад Расіі.
Электаральны рэйтынг беларускага кіраўніка ў верасні 2011 года дасягнуў гістарычнага мінімуму — 20,5%. У снежні ён вырас амаль да 25%.
Такія звесткі прыводзіць зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). Сацыёлагі кажуць таксама, што з 24,5% да 31% вырас лік тых, хто давярае Лукашэнку.
У той жа час амаль 44,6% апытаных сказалі, што на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавалі б за апанента Лукашэнкі. За цяперашняга кіраўніка краіны аддалі б свае галасы каля 22%, а 33% — пакуль не ведаюць і вызначыліся б "па абставінах".
Сацыёлаг Алег Манаеў тлумачыць рост рэйтынгу “матдапамогай”, якую аказала Расія Беларусі ў канцы года.
Манаеў: “Нагадаю, што амбасадар Расіі ў Беларусі Сурыкаў ацаніў гэтую дапамогу на канец года прыкладна ў 7,5 мільярда. Маючы на ўвазе і 2,5 мільярда ад продажу Белтрансгазу, зніжкі на газ, еўразэсаўскі мільярд і г.д.”
Па прагнозах Манаева, гэтай “дапамогі” хопіць на 2012 год. І сёлета рэйтынг падаць не будзе, а хутчэй нават павысіцца… “Калі нічога надзвычайнага не здарыцца”, — удакладняе Манаеў. — “Напэўна, будзе павольны прырост — паступова будзе прырастаць. На тое становішча, якое было да 19 снежня 2010 года, я думаю, у гэтым годзе не выйдзе. Я думаю, што гэтая траўма так хутка не залечыцца ў памяці людзей”.