Шэфства над ветэранамі абавязваюць браць прыватныя арганізацыі

120508 Nasta Veterany.mp3

“Прывозім ветэранам курыцу, каўбасу, тарты… Гарэлачку клалі, віно”


Супрацоўніца аддзела сацзабеспячэння Гомельскага гарвыканкама тлумачыць, што кожная фірма сама вырашае, якім будзе гэтае шэфства. Некаторыя дораць падарункі або грошы. Часта — проста наведваюць, сустракаюцца…


Гарвыканкам: “Хто як праявіць сваю фантазію”.


Прыватнае прадпрыемства “Гомельтурыст” з 2010 года ўзяло шэфства над чатырма ветэранамі. Але сёння іх засталося толькі двое…


“Іх замацаваў за намі райвыканкам, але цяпер засталося толькі двое. Былі разасланыя лісты, і я думаю, што не толькі ў наша прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Але хто ўжо адгукнецца. Думаю, што не толькі на наша прадпрыемства прыходзяць”, — кажа Кацярына Аляксандраўна, супрацоўніца ПУП “Гомельтурыст”.


Грашыма ветэранам тут не дапамагаюць, але, кажуць, ім гэта не вельмі і патрэбна…


"Гомельтурыст": “Грошы — не. Толькі сухія пайкі. Але прадукты — гэта таксама грошы. Там і курыца, і каўбаса, і тарты. Гарэлачку мы клалі, віно, пячэнне. Кава, гарбата. Вам, напэўна, трэба, каб прыходзілі, секлі дровы? Але ім ужо секчы дровы не трэба. Ім трэба прыйсці і паразмаўляць з імі, увага патрэбная. Яны расказваюць пра сябе, пачынаюць увіхацца, накрываюць на стол…”


"Гомельтурыст" вядзе шэфства над ветэранам Таццянай Іванаўнай Маісеенкавай. У свае 90 гадоў яна паехала сустракаць Дзень Перамогі… у Маскву!


"Гомельтурыст":  “Сёння яна ўжо паехала. Калі прыедзе адтуль, мы павіншуем, уручым сухія пайкі, пафатаграфуемся. Сёлета ёй будзе 90 гадоў. Мы гэта адсочваем, паедзем віншаваць з юбілеем. Яна вельмі маленькая. Крохкая. Натуральна, прыязджаем, віншуем, але такое, як вы кажаце, каб грошы давалі  — такога няма”.


Уладзімір Якаўлевіч жыве ў Светлагорску ў кватэры са сваёй дачкой. Хлебазавод, які ўзяў над ім шэфства, дапамог зрабіць рамонт на кухні ды калідоры. А так віншуюць звычайна булкамі, — кажа дачка Уладзіміра Якаўлевіча Вольга.


Вольга: “Вунь на Вялікдзень дзве булкі прынеслі… Прыносяць батоны ды булкі. А так, мы сталі забываць… Сёння дзеда пытаю, хто прыходзіў у мінулым годзе — ён не помніць. Прыносілі і торт, і яшчэ штосьці. Кветкі. Ну там — цукеркі, пячэнне ці што яшчэ. Хлебныя вырабы, за хлебазаводам жа замацаваныя. Адзін раз давалі грошы. 100 тысяч — напэўна тады круглая дата была”.


Еўрарадыё: Толькі на святы прыносяць ці бывае, што і так дапамагаюць калі?


Вольга: “Не, на святы. Без прычыны не прыходзяць, не прыносяць”.

Сёлета Хлебазавод таксама павіншаваў ветэрана. Падарылі кветкі, торт, хлеб, батон ды 300 тысяч. Уладзімір Якаўлевіч застаўся апошнім ветэранам, замацаваным да гэтага прадпрыемства.


Сёння ў Беларусі засталося крыху больш за 30 тысяч ветэранаў. Сярэдняя пенсія інваліда Вялікай Айчыннай вайны ў траўні складае 2 мільёны 552 тысячы рублёў (амаль 320 долараў).

Сярэдняя пенсія інваліда Вялікай Айчыннай вайны ў траўні складае 2 мільёны 552 тысячы рублёў (амаль 320 долараў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі