Статкевіч: Мне нельга пісаць заяву пра памілаванне
Экс-дэпутат парламента Сяргей Скрабец раскрывае падрабязнасці ліста паплечніка ды палітвязня Міколы Статкевіча.
Еўрарадыё: Распавядзіце пра змест ліста Статкевіча. Мы ведаем, што яго прымушалі падпісаць просьбу аб памілаванні, ці праўда гэта?
Скрабец: Так. Гэта праўда. Ён піша: “У мяне ўсё нармальна. Але спрабуюць падламаць маральна і фізічна. Працую на пілараме - цягаю бярвёны ды пілы. Званкі ды лісты адпраўляць забаронена. Прычым забарона не афіцыйная, а практычная перапіска. Напісаў ліст, начальнік аператыўнага аддзела збірае «актыў», цытуе і каментуе гэты ліст перад імі, складае пратакол аб канфіскацыі ліста (даволі нявіннага зместу) і аб'яўляе аб пакаранні за ўсё атрад - спілаваць турнік і брусы ў лакальнай зоне”.
Гэта такі метад выхавання палітычных, як у арміі, праз атрад. Калі нешта не спадабалася, напрыклад ідзе Мікалай, гузік не так зашпілены, яму аб’яўляюць заўвагу – караюць увесь атрад. Вядома, атрад, самі разумееце, як рэагуе, калі праз адну асобу усіх пазбаўляюць ільготаў для атрада.
Далей Статкевіч піша: "Цяпер пачалася новая хваля ціску на "дзекабрыстаў" - спрабуюць прымусіць напісаць заявы аб памілаванні і выступіць перад тэлекамерай. Больш за ўсё дастаецца Гнедчыку. Ён ужо пабываў у СІЗА. Я хлопцам сказаў: "Можаце пісаць. Вам можна. Гэта мне нельга". Але яны не хочуць прызнаваць віну”.
Гэта аб тым, у якіх умовах зараз знаходзіцца Мікалай. Далей: “Працую на пілараме”. Дарэчы гэтыя бярвёны падносіць вельмі няпроста. Асабістае не буду зачытваць, але ён яшчэ перадаў прапанову для дэмакратычных сілаў.
Еўрарадыё: Зачытайце, калі ласка, прапановы дэмсілам ад Статкевіча.
Скрабец: Ён піша наступнае: “Выканаць рашэнне удзельнікаў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19.12.2010 г. аб стварэнні Народнага руху "За свабодныя выбары" і абранні яго Рады. Лічыць выйшаўшымі са складу Рады Раманчука і Рымашэўскага ў сувязі з іх асуджэннем акцыі 19.12.2010 г. па БТ або ў ходзе следства. Уключыць у склад Рады замест іх кіраўнікоў іх выбарчых кампаній П. Севярынца і А. Лябедзьку. Дазволіць членам Рады, якія знаходзяцца ў зняволенні, накіраваць у яе склад сваіх прадстаўнікоў. Прашу накіраваць гэтую прапанову да Някляева, Мілінкевіча і Казуліна”.
Прапановы для ЕС у яго наступныя: “Ўзмацняць ціск на рэжым. Пачаць ўводзіць санкцыі супраць прадпрыемстваў "нафтагазавага афшору" (па прыкладзе амерыканцаў). Уключыць у спіс неўязных некаторых начальнікаў калоній, дзе аказваецца незаконны ціск на палітвязняў (напрыклад - у Горках і Шклове).
Не разглядаць вызваленне часткі палітвязняў, якія напісалі пад ціскам заяву "аб памілаванні", як падставу для паслаблення ціску. Інакш ціск на тых, хто такія заявы не напісаў, неймаверна ўзмацніцца.
Перамовы з рэжымам толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Тэма такіх перамоваў - умовы прыпынення санкцый ўзамен на дэмакратызацыю заканадаўства і доступ апазіцыі да тэлебачання.
Крэдыты - толькі пры наяўнасці дэмакратычна абранага парламента, які кантралюе іх расходаванне”.
Прапанова для каардынатараў кампаніі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”: “Беларускую мову намаганнямі рэжыму ператвараюць у масавай свядомасці ў “апазіцыйную мову”. Прашу разгледзець маю прапанову выкарыстаць гэта для публічнай паўсюднай дэманстрацыі пратэсту. Дастатковы невялікі набор слоў (дзякуй, калi ласка, прабачце і г.д.), якія выкарыстоўваюцца ў любы час у публічных месцах. Калі атрымаецца надаць гэтаму масавасць, то перашкаджаць ўлада гэтаму не зможа. І мой вам “рэспэкт” за акцыі ў чэрвені-ліпені”. Прыкладна такі ліст ён мне даслаў. Цэнзура такія лісты не прапускае... Як гэта адбылося, я распавядаць не буду”.
Еўрарадыё: Гэтыя прапановы Міколы Статкевіча будуць афіцыйна агучаныя перад прадстаўнікамі апазіцыі?
Скрабец: Зараз я аддаў. Каб гэтыя прапановы надрукавалі на “Беларускім партызане”. Гэта будзе надрукавана і на партыйным сайце Міколы Статкевіча, калі мы яго ўзновім.