Супрацоўнікі калоніі, дзе ўтрымліваюць Ліхавіда, патрапяць у чорны спіс ЕС?
Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.
Палітвязень, сябра Руху "За Свабоду" Мікіта Ліхавід правёў у карцары ў наваполацкай калоніі ўжо дзесяткі сутак. Ён працягвае настойваць, што быў незаконны асуджаны (на тры гады калоніі за ўдзел у Плошчы) і не выконвае загады, за што на яго накладаюцца пакаранні.
Еўрарадыё паразмаўляла пра "справу Ліхавіда" з намеснікам старшыні Руху "За Свабоду" Юрасём Губарэвічам.
Еўрарадыё: Ці праводзіцца нейкая інфармацыйная кампанія, якая б інфармавала беларускую грамадскасць пра справу Мікіты Ліхавіда?
Губарэвіч: “Так, мы праводзім кампанію ў падтрымку Мікіты Ліхавіда. Ад пачатку мы інфармуем беларускую грамадскасць пра тое, у якім стане знаходзіцца Мікіта. Мы заклікаем людзей падтрымаць яго, наколькі гэта магчыма, дасылаць лісты ў калонію яму персанальна са словамі падтрымкі. Таксама мы размяшчаем улёткі, у якіх пазначаны кантакты адміністрацыі калоніі, заклікаем людзей звязвацца з адміністрацыяй, каб сказаць тое, што яны думаюць з гэтай нагоды. Неабходна таксама ўздейнічаць на адміністрацыю, бо ў іх сілах змяніць гэтую сітуацыю”.
Еўрарадыё: Можа вы маеце звесткі, ці пішуць людзі да Мікіты ці тэлефануюць да адміністрацыі калоніі?
Губарэвіч: “Наколькі нам вядома, шмат людзей, грамадскіх актывістаў накіроўваюць лісты ў калонію. Часам можна атрымаць адказ. Але Мікіта амаль увесь час у карцары, таму ліставанне вельмі абцяжаранае з гэтай нагоды”.
Еўрарадыё: Ці інфармуеце вы пра Мікіту Ліхавіда міжнародную грамадскасць?
Губарэвіч: “Натуральна, мы інфармуем і міжнародную грамадскасць. У Мікіты Ліхавіда ёсць дэпутат, прадстаўнік фракцыі зялёных, які мае апеку над Мікітам. Больш за тое, мы збіраемся ўздзейнічаць на адміністацыю калоніі праз тое, што яны маюць усе шансы патрапіць у спіс чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. І сітуацыя будзе працягвацца ў такім ключы”.
Еўрарадыё: Ці маеце вы нейкія звесткі пра стан Мікіты на дадзены момант?
Губарэвіч: “Інфармацыя вельмі абмежаваная. Больш інфармацыі мае маці Ліхавіда, якая спрабуе кантактаваць з ім непасрэдна. Раней атрымлівалася. Але зараз адміністрацыя калоніі не хоча з ёй размаўляць нават па тэлефоне. Кажуць, што ўсе кантакты павінны адбывацца толькі праз ліставанне. І вельмі цяжка атрымліваць хоць нейкую інфармацыю, што з Мікітам Ліхавідам адбываецца. Мы ведаем, што фізічна ягоны стан толькі пагаршаецца”.
Фота: prava.vitebsk.cc