Юрыст Андрэй Сушко: "Маўчунам" у судзе варта прызнаваць віну!

Еўрарадыё: Вы прысутнічалі на судовых працэсах над затрыманымі падчас "маўклівых" акцыяў. Раскажыце пра вашыя прафесіянальныя ўражанні?


Андрэй Сушко: “Так, днямі мы разам з праваабарончым цэнтрам “Вясна” даведаліся, што як мінімум аднаго падсуднага павезлі ў суд Цэнтральнага раёна. І я паехаў "закрываць" гэтую "частку". Апынулася, што там было двое маладых хлопцаў. Іх затрымалі ў раёне плошчы Якуба Коласа. Са сваякамі аднаго з хлопцаў — Паўла Хадзінскага — мы спрабавалі як мінімум патрапіць на судовы працэс.

Трэба сказаць, што ўся структура Цэнтральнага суда працавала на тое, каб нас туды максімальна не дапусціць. Нам нават не хацелі гаварыць, дзе адбываецца суд. Але я магу распавесці, як па законе павінна быць арганізаваная працэдура ў такіх выпадках. Пасля дастаўкі адміністратыўна затрыманых з РАУС ці з "Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў" (у Мінску гэта вуліца Акрэсціна) пратаколы , якія прывозяць супрацоўнікі міліцыі, перадаюцца ў суд, у канцылярыю па адміністратыўных справах. І супрацоўнікі канцылярыі абавязаныя вывесіць спіс на інфармацыйным стэндзе з указаннем часу, на які прызначанае разбіральніцтва, кабінета, дзе будзе праходзіць разбіральніцтва, артыкула, па якім складзены пратакол, а таксама прозвішчам суддзі”.

Еўрарадыё: Калі гэта не зроблена, як і куды сваякі могуць падаць скаргу?


Андрэй Сушко: "Літаральна два гады таму ў нас былі такія выпадкі, і мы пісалі скаргі ў Міністэрства юстыцыі. Там была катэгарычная пазіцыя на гэты конт — што павінныя быць гэтыя спісы. Інакш гэта парушэнне аднаго з асноўных прынцыпаў судаводства — публічнасці судовага разбіральніцтва. Судовае разбіральніцтва найчасцей павінна быць адкрытым. І яны абавязаныя гэта рабіць. Але найперш — яшчэ задоўга да складання скаргаў — сваякам варта падымаць вэрхал у канцылярыі, палохаць супрацоўнікаў суда скаргамі ў Міністэрства юстыцыі. Або напрасткі ісці да старшыні суда, што мы і зрабілі. Мы прыйшлі да старшыні суда, сказалі, што нам не даюць канкрэтнай інфармацыі: калі будзе вывешаны спіс, калі будзе адбывацца разгляд пратаколаў. Старшыня суда запэўніў нас, што ўсё будзе зроблена, што ўсё будзе арганізавана, і што нам паведамяць.

Нам, зразумела, нічога не паведамілі. Спіс вывесілі, але указалі не той кабінет.  Мы прыйшлі ў кабінет, дзе павінна было адбыцца разьбіральніцтва, аказалася, што гэта кабінет суддзі, ён быў пусты, нас літаральна выгналі адтуль, сказаўшы, што суддзя зараз на працэсе, а дзе — незразумела. Нейкімі неверагоднымі высілкамі мы даведаліся, дзе будзе адбывацца разбіральніцтва. Як толькі мы туды падыйшлі, я пастараўся проста нахабна зайсці ў дзверы. Там сядзелі супрацоўнікі міліцыі, заходзіў супрацоўнік спецназу ў цывільным, як я зразумеў. Мяне моцна прышчамілі дзвярыма, пачалі прэсаваць, але я ўбачыў што працэс там праходзіць".

Еўрарадыё: Вы прысутнічалі на гэтым працэсе як праваабаронца, не як адвакат Паўла?


Андрэй Сушко: “Адвакат быў выкліканы пазней, таму справа была крыху адкладзеная. У выніку мы параілі адвакату пэўную стратэгію, і маладому чалавеку далі штраф”.

Еўрарадыё: А што было напісана ў пратаколе, у чым яго вінавацілі?


Андрэй Сушко: "Гэта быў артыкул 17.1 — хуліганства, нецэнзурныя выразы".

Еўрарадыё: А на чым палягала прапанаваная вамі стратэгія?


Андрэй Сушко: “Гэтую стратэгію я прапаную ўвесь час. Але за яе мяне крытыкуюць у тым ліку мае калегі і актывісты. Я кажу, што трэба прызнаваць віну.У гэтым выпадку, у адпаведнасці з працэсуальна-выканаўчым Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях, суддзя павінен даць мінімальны штраф. Гэта ў залежнасці ад артыкула будзе або палова базавай велічыні, або дзве базавыя велічыні”.

Еўрарадыё: То бок вы раіце прызнаваць віну: так, я лаяўся матам і спадзявацца на суддзю?


Андрэй Сушко: “Я кажу так: ёсць юрыдычны інструмент, які можна выкраыстоўваць. І чалавек, вызначаючы для сябе тактыку паводзінаў, можа яго выкарыстаць. Калі чалавек прынцыповы, і яму важна не паказаць, што ён згодны з чымсьці, важна не падыгрываць сістэме ў нейкай ступені, ён можа пайсці на тое, каб атрымаць па максімуме”.

Еўрарадыё: Але апошнім часам на судах некаторыя людзі перад працэсам паспявалі зрабіць такое прызнанне, і ўсё адно атрымлівалі па 10-15 сутак.


Андрэй Сушко: “Так, я ведаю. Гэтая стратэгія працуе не заўсёды. Але я ведаю, напрыклад, па дарожна-транспартных здарэннях, па парушэннях правілаў дарожнага руху. Аўтамабілісты даамагліся таго, што практыка пайшла па выгадным для іх кірунку, і суды прызнаюць гэта. Няма асаблівых ілюзій, што гэта будзе працаваць, але калі мы будзем пра гэта гаварыць, калі юрысты і эксперты будуць гаварыць, што суддзя павінен прымаць рашэнні ў адпаведнасці з кодэксам, дык і мы можам гэтага дамагчыся”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца што ў Цэнтральным судзе Павел Хадзінскі прыхнаў віну і яму далі штраф, а другі хлопец, які віну не прызнаў, атрымаў суткі?


Андрэй Сушко: “Так, другі хлопец атрымаў 10 сутак. У нас не было магчымасці прысутнічаць ад самага пачатку на працэсе. Але пад канец мне падаецца, што ён часткова ў чымсьці прызнаўся, хаця я магу памыляцца. Зразумейце, я юрыст, я стараюся знаходзіць і даваць людзям нейкія легальныя, законныя спосабы. Але зразумела, што ў некаторых краінах у цэнтры Еўропы гэта можа не працаваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі