“Танцы-шманцы” па “Крамбамбулі”

Не паспела навіна пра адмену канцэрта Крамбамбулі абмеркавацца ў Сеціве, як на гэты дзень 11 лютага ў клубе Re:public ужо запланаваны іншы канцэрт! Замест Вольскага і кампаніі на сцэну выйдуць Akute, Петля Пристрастия, Yellow Brick Road і Дзіма Ску. Мерапрыемтва мае ўмоўную назву “Танцы-шманцы-2”, па словах музыкаў, яно было запланавана яшчэ ўвосень і прымеркавана да выхаду сінгла “Кроў” гурта Akute.

 
“Гэты канцэрт мы задумалі яшчэ падчас “Рока па вакацыях”. У нас зараз рыхтуецца альбом, і мы прэзентуем сінгл. То бок усе гэтыя высмактаныя з пальца тэорыі змовы – гэта нешта лішняе. А пра “Крамбамбулю” канкрэтна мы, гурт Akute, проста нічога не ведаем. Што і як павінна было там супасці, мы не ў курсе, чый гэта касяк – арганізатараў ці яшчэ кагосьці. Мы не збіраліся нікога ні замяняць, ні падмяняць, ні “свіней” падкладаць. Нейкі жудасны збег абставінаў”, - распавядае ўдзельнік гурта Раман Жыгараў.


Гітарыст гурта “Петля Пристрастия” Ваня Селішчаў абураны сітуацыяй. Не хацелася, шчыруе музыка, каб людзі ўспрымалі гэты канцэрт як тэрміновую замену гурту “Крамбамбуля”.


“Пра ўсе гэтыя “затыканні” датаў – глупства, – абураецца Ваня Селішчаў.Любую інфармацыю можна падаць так, як камусьці хочацца яе бачыць, натуральна. Самі разумеем, што зараз пачнуцца размовы “вось, Крамбамбулю адмянілі, а невядома каго паставілі”. Мы таксама гэтага крыху баімся, але якая розніца? Да таго ж, за адзін дзень не знойдзеш тры вольныя гурты, згодныя сыграць канцэрт. Усё планавалася некалькі месяцаў таму”.

 
Пра тое, што ў гэты ж дзень ў Re:public мусіў адбыцца і канцэрт “Крамбамбулі”, прамоўтар гурта Yellow Brick Road Дзіма Хламаў даведаўся... ад Еўрарадыё.

“Кагосьці забараняюць, кагосьці дазваляюць і так увесь час – гэта, вядома, не ёсць гуд. Разбірацца з усімі тонкасцямі проста няма часу, – нібыта выбачаецца Дзіма Хламаў. - Калі нам паступіла гэтая прапанова, першапачаткова было 10-га лютага. Пасля яно пераўвасобілася ў 11-е. Мы з радасцю пагадзіліся, бо даўно не гралі ў Мінску. Да таго ж, і гурты на сцэну выйдуць добрыя!”

 
Тым часам арганізатар канцэрта “Крамбамбулі” Уладзімір Шаблінскі сцвярджае, што клуб не мае права адмяняць выступ, бо парушае дамову. Ён кажа, што працягвае ладзіць канцэрт... менавіта ў Re:public. Праўда, дырэктар клуба Андрэй Старцаў катэгарычна адмаўляе такую магчымасць.


“Мы планавалі правесці гэты канцэрт у нас у клубе, але з-за пэўных абставінаў вырашылі яго не праводзіць, – тлумачыць Старцаў. – Справа ў тым, што я адмовіў Шаблінскаму ў правядзенні гэтага канцэрта ў нашым клубе і папрасіў яго знайсці іншую пляцоўку. Часу яму хапае – месяц ёсць. І я не думаю, што ён будзе праводзіць гэты канцэрт менавіта тут”.


Чым у выніку скончыцца канфлікт, невядома. Аднак ужо зразумела, што салідарнасці паміж музыкамі якія лічаць кожны рэдкі канцэрт, не чакай, сюрпрызаў не будзе...

Фота: users.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі