Ці хопіць беларусам сваіх яблыкаў?

120327 Nasta Apple.mp3

Сёлета на паліцах мінскіх крам з’явілася больш беларускіх яблыкаў! У адрозненне ад мінулага года, калі яны скончыліся яшчэ ўзімку і нават на прадпрыемстве, якое наведваў Лукашэнка, іх не было, цяпер айчынная садавіна здолела “дажыць” да вясны. 

“Сёлета — ураджайны год”, — каротка канстатуюць у “БелСлаўПродзе”. Менавіта яны завозяць яблыкі ў краму “Гіпа”. У супермаркеце, што на Жукоўскага, яблыкі з Нідэрландаў — на любы густ, шэсць гатункаў. Цана ад 15 да 27 тысяч за кілаграм. Асобна ляжаць і беларускія яблыкі. Яны менш прывабныя, але таксама таннейшыя. Па 12710 рублёў за кілаграм.

Ёсць і адзінокі цэтлік, які застаўся ад польскіх яблыкаў. Яны яшчэ таннейшыя — усяго 11 680. Але самой садавіны побач з цэннікам ужо няма!


“Беларускія яблыкі ў нас бяруць ахвотна. Натуральна: паглядзіце, наколькі яны таннейшыя”, — запэўнівае прадаўшчыца.

Паводле звестак Белстата, у лютым сярэдняя цана на яблыкі ў Беларусі склала троху больш за 11 тысяч рублёў. Гэта амаль на 7 тысяч даражэй, чым у тым самым месяцы мінулага года!

Белстат: “У лютым 2012 года сярэдняя цана яблыкаў склала 11293 рублёў. Для параўнання: у лютым 2011 года — 4537 беларускіх рублёў па краіне. І 5272 — такой была сярэдняя цана яблыкаў у лютым мінулага году ў Мінску”.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі кажуць, што асноўны пастаўшчык яблыкаў сёння — насельніцтва.

Гаспадарка фермера Івана Грыба сёлета карміла яблыкамі ўсю Гомельшчыну… “Яшчэ і на Мінск засталося”, — кажа фермер.

Іван Грыб: “Ураджай часам такі вялікі, што ледзь яблынька трымае! У мінулым годзе ўжо 1600 тон было яблык. Уся Гомельская вобласць да нас ехала… Тыдзень таму, як скончыліся яблыкі. Мы ўсё яшчэ трымалі для дзіцячых садкоў трошку... Але большасць выбралі яшчэ да Новага года. У Мінск таксама аддавалі. 300 тон аддалі "Белкаапсаюзу", 200 — УП “Партызанскае”, яшчэ 300 — прадпрымальнікам…”

Іван Васільевіч адзначае, што сапраўды цяпер у нас з’яўляецца ўсё больш садоў. Хаця яшчэ недастаткова, каб пракарміць усіх беларусаў.

Іван Грыб: “Былі праблемы з яблыкамі, бо менш было садоў па Беларусі. А цяпер больш з’яўляецца. Але ўсё адно не хопіць! Калі параўнаць з Польшчай, у нас нічога яшчэ няма. Вось мы цяпер дурніцы з Польшчы возім. 200 фур у адным раёне ў адзін дзень адгружаецца на Расію яблык! А ў нас, у параўнанні з Польшчай, нічога няма. Мы яшчэ адстаем…”

Цікава, што яблыкі сапраўды могуць праляжаць да вясны. "І ніякія хімікаты ў іх не колюць", — запэўнівае Іван Грыб. Галоўнае — захоўваць у лядоўнях і… акуратна здымаць!

Іван Грыб: “Усё трэба захоўваць у лядоўнях. Яблык не можа ляжаць проста так — з бульбай ці з чым яшчэ. Трэба, каб абавязкова была лядоўня. А яшчэ трэба рваць вельмі асцярожна. Не як бульбу — раз-раз і накідаў. Трэба вельмі асцярожна, каб нідзе не было пашкоджанняў”.

Гаспадарка Івана Грыба ўжо заключыла дамовы на наступны год. А пакуль пра яблыкі забыла… “У нас ужо цяпліцы, усё пайшло, агуркі, тое-сёе… нам ужо не да яблыкаў”, — кажа фермер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі