У дзяцінстве Ліпковіч страляў па суседзе, а Кулінковіч гуляўся з зямлёй

Еўрарадыё вырашыла даведацца, з якімі цацкамі гуляліся ў дзяцінстве беларускія музыкі і блогеры, а таксама як уплывае крызіс на захапленні дзяцей.

Блогер Яўген Ліпковіч любіў страляць па галубах з пнеўматычнай стрэльбы суседа. Але аднойчы замест галубоў трапіў… у суседа.

Яўген Ліпковіч: “Ён бег цераз вуліцу, у яго капала кроў, па хадзе здымаў рамень і гнаўся за мной. А я стаяў, як у каўбойскім фільме і працягваў у яго цэліцца, націскаў на курок. Я спрабаваў зарадзіць яшчэ, каб адстрэліцца ад яго. Але ён аказаўся спрытней, дабег да мяне і страшна мяне адлупцаваў”.


10-гадовая дачка вядомага блогера мае больш сучасныя захапленні. Самыя галоўныя з іх – айпад і інтэрнэт.

Яўген Ліпковіч: “Такое сучаснае пакаленне. Раней у яе была цэлая калекцыя барбі-падобных жанчын. Але гэта неяк сышло ў мінулае”.


Ужо дарослы Ліпковіч хацеў бы паспаборнічаць з Мікалаем Чаргінцом у гонках на ротарных жатках. Кажа, што атрымалася б вясёлая гульня.

А эстрадны спявак Аляксандр Саладуха мае поўны дом цацак. Толькі цацкі не яго, а дачкі. А ў што гуляўся сам – не памятае.

Аляксандр Саладуха: “У нас поўны дом шыкоўных цацак. Іх шмат нам дораць, і мы самі з Наташай іх набываем. Гэта бязмежнае шчасце: малышка, якой год, месяц і пяць дзён”.


Лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч цацкі нікому не дорыць. Хаця ў самога поўная хата падарункаў ад тых, хто яго любіць.

Аляксандр Кулінковіч: “Мне дораць цацкі, мне вельмі падабаецца. Мяккія цацкі. Яны ў мяне па ўсіх пакоях кватэры стаяць. Людзі, якія мяне любяць, ведаюць, што я люблю цацачных мышэй. Таму ў мяне шмат плюшавых пацукоў і некалькі жаб”.


У дзяцінстве музыка ніколі не гуляў у цацкі. Але любіў гуляцца з зямлёю, і з тым, што з ёй звязана. Цяпер жа захапляецца ўсім, што б’ецца токам.

Аляксандр Кулінковіч: “Увогуле любая рэч, якая б’ецца токам ці працуе ад батарэек – мая страсць па жыцці”.


Даходзіць да таго, што Кулінковіч дорыць “што-небудзь электроннае” і жанчынам, якія таксама з’яўляюцца адным з самых моцных захапленняў рок-музыкі.

Фота: jekhor.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі