У ЕС у крызісныя гады колькасць самагубстваў расце, у Беларусі — наадварот

Еўрапейскія даследчыкі вывучылі статыстыку з 2007 па 2009 год і выявілі, што з-за фінансавага крызісу ў Еўрасаюзе павялічылася колькасць самагубстваў. Але ахвяраў дарожных аварый стала меней.

"Ужо заўважна, што ў краінах з найгоршымі фінансавымі наступствамі, такія як Грэцыя і Ірландыя, адбыўся найбольшы рост у суіцыдах. І суіцыды – гэта толькі верхавіна айсберга ў плане праблем псіхічнага здароўя. Гэта значыць, што расце і колькасць няўдалых спробаў самагубстваў, і выпадкі дэпрэсій", — EurActiv прывозіць словы аднаго з аўтараў даследвання, сацыёлага брытанскага Кэмбрыджскага ўніверсітэта Дэвіда Стаклера.

З 2007 па 2009 год колькасць самагубстваў у Ірландыі павялічылася на 13%, у Грэцыі — на 17%. У сярэднім па Еўрасаюзе паказчык роста склаў 5%.

У Беларусі ж адбываецца наадварот.

Хаця ў "дэвальвацыйны" 2009 года колькасць самагубстваў крыху павялічылася (меней чым на 3%), у 2010-м яна зменшылася амаль на 10%!

У лічбавым вымярэнні ў 2008 годзе забілі сябе 2662 чалавека, у 2009 годзе — 2738. А ў 2010 – 2474.

Ці ўстойлівая тэндэнцыя колькасці самагубстваў у нашай краіне, будзе бачна па статыстыцы крызіснага 2011 года.

Дарэчы, у новых краінах ЕС кшталту Літвы значнага спаду колькасці суіцыдаў, у адрозненні ад "старых" краін Еўропы, таксама не адбылася.

Гэтую акалічнасць навукоўцы і хочуць даследаваць у будучыні.

"Мы плануем зразумець, чаму некаторыя асобы і грамадствы асабліва ўражлівыя, а некаторыя больш трывалыя да эканамічных шокаў", пішуць яны.

Разам з тым, колькасць ахвяраў дарожных аварый у Беларусі ў крызісныя годы змяншаецца, як і ў краінах Еўрасаюза.

З даследвання: "Даступнасць органаў на трасплантацыю, якія залежаць ад колькасці дарожных здарэнняў, значна зменшылася ў Іспаніі і Ірландыі, дзе смяротных выпадкаў на дарогах паміж 2007 і 2009 гадамі стала меней на 25%"

У Беларусі колькасць памерлых на дарогах паміж 2008 і 2010 гадамі знізілася на 24% - У 2008 у ДТЗ загінуў 1561 чалавек, у 2010 — 1185.

Станоўчую статыстыку па ДТЗ у Еўрасаюзе можна патлумачыць тым, што больш беспрацоўных сталі меней карыстацца машынамі, піша Euractiv. У цэлым, у даследваных краінах ЕС больш высокую смяротнасць ад самагубстваў збалансавала меншая смяротнасць на дарогах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі