У Гомелі навучаць рабіць абярэгі для закаханых
Майстар-клас па вырабе лялек “Неразлучнікі” пройдзе ў суботу, 9 лютага.
Ладзяць яго гомельская моладзевая грамадская краязнаўчая арганізацыя “Талака” і філіял Веткаўскага музея.
Таму і месца правядзення майстар-класа — філіял Веткаўскага музея народнай творчасці. Ён знаходзіцца ў Гомелі на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля (пл.Леніна, 4). Пачатак а 14-й, кошт — 2500 рублёў (столькі каштуе ўваходны квіток у музей).
На майстар-класе, які прымяркоўваецца да Дня святога Валянціна, усіх ахвочых навучаць рабіць шлюбны абярэг для сваёй другой паловы. У старадаўнія часы лялькі-“неразлучнікі” ахоўвалі шлюб, іх дарылі маладым на вяселле. Калі сённяшнім маладым такога падарунка не дасталося, то можна зрабіць яго самастойна.
Таксама, паводле арганізатараў, гэтыя лялькі могуць стаць падарункам каханай ці каханаму — з намёкам, што можна падумаць і пра шлюб. Падчас майстар-класу для натхнення адбудзецца паказ дакументальнай стужкі пра святкаванне традыцыйнага вяселля на Палессі.