У Мінску адбыўся свой Woodstoсk

120831 Malina Voodstock.mp3

Вялізная выява Джымі Хендрыкса на афішах па ўсім Мінску не магла не прыцягнуць увагі аматараў року. Праўда, рэкламавала яна сталічны фестываль-трыб'ют культаваму фэсту 60-х Woodstock. А спіс выступоўцаў складаўся ў асноўным са "старой гвардыі" беларускіх рокераў, так бы мовіць, аднагодкаў славутага амерыканскага оўпэн-эйру.

Адкрывалі фэст Леанід Нарушэвіч ды "Князь Мышкин"


"Цяпер у людзей выбітыя базавыя каштоўнасці, — тлумачыць выбар для трыб'юта менавіта 60-х і фестывалю Woodstock яго арганізатар Генадзь Старыкаў. — Увесь час вядзецца нейкая пагоня то за прыбыткам, то яшчэ за чым-небудзь, але гэта ж не базавая каштоўнасць. Воляй-няволяй узгадваюцца вялікія 60-я гады, якія былі імкненні, якія мары... Так, яны нарадзілі ў Амерыцы рух хіпі, а хіпі вельмі пацярпелі з-за таго, што падселі на наркотыкі... Але хіпі са сваёй цудоўнай міралюбівай псіхалогіяй ды філасофіяй прайгралі толькі бой, а перамога ў вайне ўсё ж будзе за гуманізмам".


Генадзь Старыкаў ды Ўладзімір Угольнік

Старыкаў, Угольнік ды Ілона Караваева. Самая вялікая колькасць людзей на сцэне да з'яўлення гуртоў

 

На думку Генадзя, музыка, якая гучала на фестывалях Woodstock, проста абавязаная вярнуць сучасных людзей, а перш за ўсё, беларускую моладзь, да сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў. Ці спраўдзіцца высакародная ідэя кампазітара-гітарыста пакажа час, а пакуль, каб падмацаваць сур'ёзнасць сваіх словаў, Старыкаў напісаў своеасаблівы гімн-баладу фэсту Woodstock, які і прэзентаваў разам з хорам "Салютарис" амаль на пачатку дзейства.

Выкананне гімна, які ў хуткім часе, абяцае арганізатар, з'явіцца ў запісе


Праўда, гледзячы на рэакцыю нешматлікіх наведвальнікаў, яны не вельмі ўпадабалі тое, што адбывалася на сцэне. За тры гадзіны паўакустычных, паўсольных выступаў у зале быў толькі адзін відавочны пад'ём — калі Ўладзімір Угольнік сольна сыграў дзве песні. Але і яны былі разбаўленыя рознымі дуэтамі.

Уладзімір Угольнік адзіны з музыкаў, якія яшчэ гастралюць, прыйшоў на фэст, астатнія захварэлі, не змаглі і г.д.


Калі на сцэну ўзняўся апошні "саліст" Андрэй Іваноў, які выступае пад назвай Zartipo, велічэзная колькасць аматараў Woodstock пацягнулася на вуліцу... хто — папаліць, а хто — абмеркаваць і вырашыць, ці варта ўжо ісці дамоў. Адзін з наведвальнікаў імпрэзы падышоў да Еўрарадыё і з найграным адэскім акцэнтам запытаўся:

Прыкладна так гледачы правялі ўвесь клубны канцэрт

"Скажыце, а вы не ведаеце, калі скончыцца гэта Гета? Ужо тры з паловай гадзіны чакаем, а заўтра раніцай, між іншым, на працу!"


Але цікава, што не вытрымала ў асноўным старэйшае пакаленне. Моладзь жа, якую ўвогуле складана было ўявіць на канцэрце прадстаўнікоў беларускіх гуртоў 70-х,  наадварот тусавалася з задавальненнем.

Маладых наведвальнікоў было хіба не меньш, чым сталых


"Я ўсё жыццё слухаю музыку 60-70-х, я вырас на гэтай музыцы, гэта вельмі важна для мяне, — кажа 17-гадовы Іван. — Pink Floyd, Beatles, Bob Dylan — гэта ўсё маё жыццё. Каб была магчымасць вярнуцца ў мінулае, то я б вярнуўся менавіта на Woodstock, на гэтыя тры дні!" А яго сяброўка Хрысціна дадае, — "Калі шчыра, то я чакала тут большай колькасці людзей, бо калі гэта трыб'ют на Woodstock, то іх мусіць быць больш. Гэта ганьба для нас, для Беларусаў, што сёння так мала наведвальнікаў".

Stive Cramer Band усё ж здолелі разагрэць састылую залу


Маладыя рок-н-рольшчыкі прызналіся, што хай і не ўсе выступоўцы ўразілі, але наступным разам яны зноў прыйдуць. А наступны раз будзе, прычым, магчыма, ужо напрыканцы верасня.

"Калі мяне падтрымаюць, то я хацеў бы стварыць штаб фестывалю Woodstock, які па форме будзе перманентным, — дзеліцца планамі Генадзь Старыкаў. — І за год правесці серыю такіх канцэртаў, якія прасякнутыя духам Woodstock. Там будзе выкарыстоўвацца музыка 60-х гадоў, герояў амерыканскага фэсту, і ў той жа час, маладыя хлопцы, гурты змогуць падрыхтаваць свае кампазіцыі".

The Road Dogs


Апроч таго, у планах Генадзя, даслаць свой гімн-баладу яшчэ жывым выступоўцам культавага оўпэн-эйру, каб яны ўзялі ўдзел у яго запісе. Такім чынам зрабіўшы гэтую песню своеасаблівымі пазыўнымі фестывалю Woodstock. Але гэта планы... Пакуль жа першыя рухі на пустым танцпляцы з'явіліся толькі бліжэй да паловы на 23-ю, калі выступаў гурт  Stive Cramer Band. А няхай і вонкавы, але выгляд актыўнасці пад сцэнай здолелі стварыць The Road Dogs, праўда, ужо на апошняй, "бісавай" песні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі