У цэнтры Мінска адкрываецца новы рок-клуб (фота)

120612 Malina TNT.mp3

"Нашая задача — рабіць усё якасна і на 100 адсоткаў па-рок-н-рольнаму, — сустракаюць Еўрарадыё прадстаўнікі каманды стваральнікаў новага рок-клуба на Рэвалюцыйнай 9 Аляксей ды Яўген. — То бок, гэта не проста бар з жывой музыкай, а гэта менавіта рок-клуб, дзе будзе збірацца адпаведная публіка".

Над дзвярыма ў новы рок-клуб "T.N.T" замест брыля — пласцінка, ручкі зробленыя ў выглядзе электрагітары, а ў вокнах стаяць фігуркі ўдзельнікаў Beatles, Kiss, AC/DC, Nirvana ды іншых сусветна вядомых гуртоў.

Унутраны інтэр'ер вельмі нагадвае сусветную сетку хард-рок-кафэ, але гэтага і не хаваюць, тым больш што гітары, якія вісяць на сценах, таксама не выпадковыя.

Цэгла арыгінальная, таксама гістарычная каштоўнасць


"Гітары ўсе набывалі, але набывалі не бяздумна, а менавіта падбіралі, — праводзіць уздоўж сцен клуба галоўны бармэн Яўген. — Вось гэты “Гібсан” — імянная марка Джымі Пэйджа.

Справа зверху малады Кіт Рычардс (сола-гітара Rolling Stones) і яго арыгінальны подпіс


А вось гэты інструмент падпісаны гітарыстам Uriah Heep Мікам Боксам, яны адыгралі канцэрт і са сцэны падарылі гітару, то бок гэта арыгінальны подпіс. Таксама майка падпісаная ўсімі ўдзельнікамі гурта. Астатнія аўтографы ўсе таксама арыгінальныя. Дзесьці падпісана канкрэтна, дзесьці набыта ў чалавека, які падпісаў, але подпісы арыгінальныя".

"Вітрына" бара ўпрыгожана арыгінальнымі дзвярыма, якія раней стаялі на ўваходзе ў гэты будынак (дом 9 па вуліцы Рэвалюцыйнай - гістарычны помнік, між іншым)


Усе бармэны ды афіцыянты клуба мусяць быць не толькі татуяванымі, з пірсінгам ці адпаведнымі прычоскамі, але яшчэ і ў рокавай тэме, працягваюць адміністратары. 

"Мы жадаем дасягнуць чысціні стылістыкі, — распавядаюць шэф-повар Аляксей ды галоўны бармэн Яўген. — Да прыкладу, ёсць кактэйль "Быць як Кіт Рычардс", у які ўваходзяць Tennessee ды Jack Daniel's, бо гэтыя напоі любіць гітарыст Rolling Stones. Будзе нешта ад Лемі Кілмістэра з Motorhead, з яго любімых напояў".

Сярод іншага ў клубе прадугледжанае месца для сувеніраў ды розных падарункаў, пакуль яно амаль пустое


Сцэна ў клубе знаходзіцца ў асобным памяшканні. Яна аформленая як звычайная драўляная піўнуха з уласным барам і высокімі стойкамі паўсюль. Самі адміністратары называюць гэты "пакой" лазняй, з-за адмысловай абшыўкі з дошак, якую рабілі прафесіяналы для паляпшэння акустыкі.

У "канцэртным" пакоі асобны бар і танцпол, на які падчас больш ціхіх канцэртаў будуць выносіцца сталы


"Натуральна, хацелася б кожны вечар мець нейкі жывы гук. Мы думалі пра тое, каб абыграць класічны "Unplugged in New York", назваць серыю канцэртаў "Unplugged in T.N.T" ці "Unplugged in Minsk", і каб нейкія нашы годныя гурты гралі акустычныя праграмы. Магчыма, нават, з відэазапісам. Ну, і пятніца-субота без жывога гуку — не пятніца і не субота", — дзеліцца планамі Яўген і дадае, што перавагу ў клубе будуць аддаваць не кавер-бэндам, а калектывам з уласнай музыкай.

Столь клуба абклееная прынтамі з вокладак пласцінак ды афіш сусветна вядомых рок-зорак

А падлога - прынты саміх вінілавых дыскаў


Адкрыць рок-клуб T.N.T. плануюць ужо ў ліпені. Урачыстая цырымонія будзе праходзіць пад музыку беларускіх гуртоў, але пазней арганізатары абяцаюць прывезці Uriah Heep.

Тут будзе "летнік", з яго прамы ўваход у "памяшканне са сцэнай

Свяцільнікі зробленыя з сапраўдных барабанаў, якія набываліся ў беларускіх музыкаў

Агульны  пакой, зправа кшталту ВІП-залы, за сцяной наперадзе канцэртная зала

Фірмовы посуд, але абяцаюць, што класічныя савецкія стравы будуць падавацца ў алюмініевых місках а напоі ў кантаваных шклянках


За ўваходнымі дзвярыма калісьці з'явіцца "Алея славы Рок-н-рола". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі