Вакарчук: Добры настрой пасля канцэрта – калі хочацца выпіць. Вам хочацца?

120312 Zybluk Brussel.mp3

“Не судзіце нас строга, мы першы раз граем для вялікай залы, нібы гэта ў кожнага з нас першы  канцэрт у жыцці. У некаторых песнях я магу не ўсе словы памятаць, бо шэсць з іх мы зрабілі літаральна пяць дзён таму!” — кажа Вакарчук са сцэны.

 

Мінчукі першымі пачулі і ўбачылі “Брюссель” Святаслава Вакарчука. Праўда, пачатак зацягнуўся ажно на 45 хвілін, за якія Святаслаў адразу ж папрасіў прабачэння. Маўляў, самі ж радаваліся, што ў Мінску адбудзецца першы канцэрт “Брюсселя”. Вось не абышлося і без тэхнічных накладак — доўга наладжвалі гук.

 

Зміцер Шураў, клавішы

Макс Малышаў, бубны

Затое для міні-тура музыкі “Брюсселя” напісалі яшчэ 6 новых песень. Распачаўся канцэрт адной з улюбёных кампазіцый Вакарчука “Come to me baby”.

“Запальвай, Слава!” — выкрыкнуў нехта ў зале і Слава “запаліў" драйвовай “Цунамі”. Услед за якой чамусьці вырашыў прысвяціць мінскім трамваям адну з самых пранікнёных песень “Брюселя”“Дощ”.

 

Пётр Чарняўскі, бас

 Сяргей Бабкін, вакал, гітара, флейта

Нягледзячы нават на тое, што музыканты адмыслова запісвалі альбом "Брюссель" усе разам, каб максімальна наблізіць гучанне да жывога, сапраўдны "жывы" выступ пераўзыходзіць усе, нават самыя смелыя чаканні. Удзячныя гледачы — пераважна іх жаночая палова — задарылі Вакарчука кветкамі. "Столькі кветак у нас сёння на сцэне, — нібыта здзіўляўся Слава. — Гэта каму? Мне? Ой, дзякуй. Можна я тады буду дзяліць іх паміж музыкамі?"

Хто хоць аднойчы быў на канцэртах Святаслава Вакарчука, ведае, чаго варты шалёны драйв музыкі, і як хутка ён перадаецца зале. Падчас выступу "Брюсселя" гэтая самая энергетыка канчаткова выйшла з берагоў, Славу так "пёрла" што ён схапіў крэсла, на якім да гэтага сядзеў, і запусціў яго ў іншы бок сцэны. Ад лішку эмоцый, натуральна. Той самы лёс чакаў і другое крэсла, пакінутае ў глыбіні сцэны.

 

 

“Гэта месца, калі крэсла выкідваецца і больш не з’яўляецца на сцэне, — смяецца Вакарчук. — Гэта азначае, што неўзабаве ўжо можна будзе дэбашырыць і праяўляць свае самыя розныя эмоцыі”.

З гэтымі словамі Святаслаў накіраваўся ў залу, заскочыў на спінку аднаго з крэслаў у першых шэрагах, дзе і танцаваў некаторы час. Музыка відавочна кайфаваў ад кожнай песні, смакаваў яе,  любаваўся кожным гукам. Гэткая вакарчукоўская эстэтыка. Гледачы адказвалі “Брюсселю” узаемнасцю, але не спяшаліся падымацца з месцаў.

 

 

“Нядрэнны пачатак, — кажа Слава, — паглядзім, што будзе далей. Першы блін – дакладна не комам. Нам вельмі прыемна пачынаць наш невялікі, але горды тур нашага невялікага, але гордага гурта “Брюссель” у Мінску. Мы ўсе тут ужо бывалі і ведаем, што дрэнна ў Мінску на канцэртах не бывае. Бывае добра ці вельмі добра”.

Затым музыкі прадставілі адну з новых кампазіцый, якую выканаў Сяргей Бабкін. Абсалютна чароўную "Пробач мені" стоадсоткава чакае лёс "хіта на доўгія часы". І нават той факт, што новыя песні гледачы чулі ўпершыню, прымалі іх нават лепш за тыя, што ўвайшлі ў альбом. Бо атмасфера, якую стварылі музыкі, была сапраўдны чароўнай і вельмі прыгожай.

 

“Мяне і журналісты, і сябры – ўсё пытаюцца, адкуль узялася ідэя гэтага праекта. А вы паглядзіце на гэтых музыкаў! Хіба не вялікае шчасце, граць з імі на сцэне? Тут нават думаць не трэба было, усё ж зразумела, — тлумачыць Вакарчук са сцэны і анансуе песню  экс-клавішніка Дзімы Шурава. — Зараз Дзімава песня. Яна выклікае ў мяне настальгію па розных прычынах. Не буду казаць, па якіх”.

Ужо бліжэй да заканчэння канцэрта пад “Адреналин” зала “сур’ёзнага” Палаца рэспублікі нарэшце паднялася і кінулася таньчыць. Затым музыкі выканалі новую кампазіцыю “Сцяна”, якой збіраліся паставіць “тлустую кропку” у Мінскім канцэрце. Але гледачы не адпусцілі Вакарчука і кампанію без “біса”, на які “Брюсселю” давялося выйсці двойчы.

 

“Ведаеце, добры настрой пасля канцэрта — гэта калі пасля хочацца выпіць. Вам хочацца выпіць? - пытаецца Вакарчук - Зараз Сярожа вам прапануе выпіць, праўда, чаго-небудзь іншага, не проста алкаголю”.

Шыкоўная блюзавая кампазіцыя “Зелены чай” разам з грувовай “Airplan” і сталі фінальнымі кампазіцыямі прэзентацыі.

“Я ведаў, што вы будзеце вельмі ўважлівымі, — кажа на развітанне Вакарчук. — Што прыйдзе шмат людзей, сяброў, якія ведаюць і  Сярожу, і Дзіму, і ўсіх нашых музыкантаў, і “Океан”. Але што напрыканцы будзе, як на канцэртах "ОЕ", я і праўда не ведаў”.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі