“Вельмі спяшаюцца замовіць Дошку гонару да прыезду прэзідэнта”
У Нацбанку ўсталююць Дошку гонару. Хто там будзе, трымаюць у сакрэце. У пракуратуры Дошка таксама ёсць.
“Ну, гэта тое ж самае, што вы прыйдзеце ў якую-небудзь сям’ю і спытаеце: "Ну, як там ваш муж, ці можна яго змясціць на Дошку гонару? Як ён увогуле ў сямейным жыцці?". Гэта ўнутраная справа нашага калектыва”, — паглядзець на Дошку гонару Нацбанка звычайнаму чалавеку не атрымаецца. Слава перадавікам Нацбанку непатрэбная. Мэта — заахвоціць працаваць лепш!
Нацбанк: “Натуральна, што не хацелася б нічога тут напаказ выстаўляць. Гэта наша ўнутраная справа. Нашы супрацоўнікі працуюць у нас, мы пра іх ведаем… І нам няма сэнсу іх афішаваць і дзесьці прасоўваць. Такой задачы не стаіць… Толькі маральнае заахвочванне нашых супрацоўнікаў, каб было імкненне лепш працаваць”.
Еўрарадыё: “Але ж на заводах звычайна дошкі вешаюць, як раз каб усе бачылі, каб ведаць сваіх герояў...”
Нацбанк: “Гэта можна паглядзець, калі на заводзе ёсць перадавік, слесар… Ён, напрыклад, рэальна падняў нейкія продажы і выпуск чагосьці. У нас трошку спецыфіка іншая. Таму мы не можам вам сказаць”.
Еўрарадыё даведалася, дзе яшчэ ёсць дошкі гонару. У Генпракуратуры Дошка гонару таксама толькі для “ўнутранага карыстання”.
“Перад залай паседжанняў на 5-м паверсе ў нас ёсць Дошка гонару. Штогод яна абнаўляецца. Лепшыя работнікі вытворчасці, так скажам, каля 15 чалавек. Розныя — памочнікі, намеснікі, пракуроры, працаўнікі абласных апаратаў. Гэтая Дошка — як і ва ўсіх. Нічым не адрозніваецца ад іншых дошак, якіх я за сваё доўгае жыццё ўжо нагледзеўся ў савецкі і паслясавецкі час”, — кажа начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Ён лічыць, што такія дошкі добра заахвочваюць!
Генпракуратура: “Як у савецкія часы было — сумяшчэнне маральнага і матэрыяльнага стымулу. Матэрыяльна — прэмія. А маральна — ты вісіш, у форме, твой партрэт. Людзі ходзяць, бачаць цябе. Сам ідзеш — прыемна”.
Рэкламнае агенцтва “Засветись” вырабляе дошкі гонару ў тым ліку. Кажуць, што часта прадпрыемствы замаўляюць дошкі… да прыезду прэзідэнта!
"Засветись": “Замаўляюць звычайна да нейкага свята на прадпрыемстве, напрыклад да нейкага юбілею. І бывае так, што да прыезду прэзідэнта ці яго камісіі, таксама ўсе вельмі спяшаюцца замовіць Дошку гонару. За год прыкладна 20 прадпрыемстваў забяспечваем дошкамі гонару”.
Сярод іх кліентаў — выканкамы, Гродзенскі мясакамбінат, "Беларусбанк", Мінскі вагонарамантны завод, "Беларуская чыгунка" ды інш.
А вось у КДБ Дошкі гонару няма.
КДБ: “Ёсць экспазіцыя асобаў, якія ўнеслі значны ўнёсак у гісторыю, пакінулі значны след у гісторыі органаў дзяржбяспекі, ветэраны… Але гэта не больш як матэрыялы экспазіцыі”.
Затое на Мінскім аўтамабільным заводзе дошак гонару шмат! Народ “вісіць” просты.
МАЗ: “Галоўная, знешняя, стаіць ля цэнтральнага ўваходу на прахадную. Там, дзе вялікі пад’езд, дзе ўсе бегаюць, выходзяць-уваходзяць. Там адразу вялікая Дошка гонару. І я так гляджу, што перыядычна абнаўляецца — твары перыядычна іншыя вісяць. Звычайныя працаўнікі... Я не бачыла там дырэктараў заводаў, каб яны віселі, або дырэктараў вытворчасці. У асноўным народ папрасцей вісіць. Я думаю ім прыемна”.
Галоўнае, каб быў прыгожы фотаздымак, — дадае супрацоўніца МАЗу.