Выходзіць доўгачаканая кніга казак Сяргея Вітушкі
Вітушка: «Апошняе, што я бачыў перад тым, як аслепнуць – кніжку з Пагоняй на карэньчыку, асветленую яркім промнем сонца”.
Сяргей Вітушка – легенда беларускага Рэнесансу 1980-х, выдае кнігу казак. Яна стала вынікам салідарнасці ягоных прыхільнікаў і чытачоў. У 2009 г. людзі сабралі 3 тыс. долараў. Кажуць, кніжка атрымаецца багата ілюстраваная, шыкоўная.
Легендарны лідэр колішніх “Талакі” і "Майстроўні" кажа, што ягоную кнігу выдавалі таксама талакою, і праблема з грашыма вырашылася вельмі хутка. 500 даляраў зарабіў сам Сяргей. Тры месяцы на хвалях Польскага радыё гучалі ягоныя ўспаміны пра “Талаку”, пра моладзевы рух, ганарар за гэта аўтар цалкам прызначыў на кнігу. Да друку кнігу рыхтавалі рэдактары, ілюстратары, карэктары таксама рыхтавалі па-сяброўску, без аплаты. "Еўрарадыё" таксама з гонарам далучылася да выдання.
Рэдагаваў кнігу таксама былы “майстровец” Сяргей Дубавец. Сяргей Вітушка вельмі хварэе, адным з наступстваў цукровага дыябету стала страта зроку. Даймаюць і іншыя цяжкія праблемы са здароўем. Кнігу рэдагавалі ў лякарні. Сяргей Дубавец рэгулярна наведваў Вітушку, і некалькі месяцаў даводзілася выкройваць час паміж медычнымі працэдурамі.
Малюнкі для кнігі зрабіў Міхал Анемпадыстаў. Карэктуру вычытала сястра Сяргея – Ларыса Сагановіч, якая працуе ў выдавецтве “Роднае слова”.
Сяргей Вітушка: “Я вельмі ўдзячны людям – сябрам, знаёмым, незнаёмым, якія адгукнуліся на нашую просьбу і перадалі грошы на кнігу. Цяпер я спакойны. Кніжка пачалася па-талакоўску, па-сяброўску. Я напісаў тэкст, а мае сябры браліся праілюстраваць, адрэдагаваць, зрабіць карэктуру, і ніхто не казаў ні пра якія ганарары! Кніжкаю зацікавілася прыватнае саліднае кніжнае выдавецтва Змітра Коласа. Я спакойны, кніжка ў надзейных прафэсійных руках”.
Аўтар лічыць, што яму пашанцавала з выдаўцом, Зміцер Колас сам быў у 80-я актыўным сябрам моладзевага аб’яднання нефармальнай моладзі “Майстроўня”, якая была папярэдніцаю “Талакі”.
Ужо вядома, што кніжка выйдзе цягам двух тыдняў. Выдавецтва Змітра Коласа неўзабаве забірае наклад з друкарні.
Еўрарадыё сочыць за праектам, які сабраў вакол сябе выбітных творцаў.
Даведка Еўрарадыё: Сяргей Вітушка нарадзіўся ў 1965. Адзін з лідараў беларускага дэмакратычнага руху моладзі напрыканцы 1980-х. Скончыў у Мінску прафэсыйна-тэхнічную вучэльню № 68, пасьля працаваў рабочым на вытворчым аб'яднаньні «Інтэграл». У 1989 скончыў гістарычны факультэт БДУ. Старшыня клюбу «Талака», каардынатар Канфэдэрацыі беларускіх суполак. З 1988 - у БНФ. Стала займаўся каардынацыяй і арганізацыяй моладзевага руху, кіраваў правядзеннем шматлікіх акцый, у прыватнасці - мітынгам на Верхнім горадзе ў Мінску зімою 1987 супраць будаўніцтва мэтрапалітэна пад гістарычным цэнтрам гораду, Вальным Соймам беларускіх суполак зімою 1988, экалягічных маршаў па Прыпяці і Дзьвіне. Як кіраўнік клуба «Талака», рэгулярна ладзіў масавыя мерапрыемствы, найперш - фальклорныя моладзевыя сьвяты (Купалле, Каляды, Гуканне Вясны), талокі на Траецкім прадмесці, у Верхнім горадзе ў Мінску. Уваходзіў у ініцыятыўную групу Аргкамітэту БНФ, браў удзел у Першым з'ездзе БНФ у Вільні. Актор самадзейнага тэатру «Золак»; найбольш значная роля - Васіль Вецер («Маці ўрагану» паводле п'есы Ў.Караткевіча). Аўтар шэрагу публікацыяў па праблемах моладзевага руху, аховы помнікаў краязнаўства («Мастацтва Беларусі», «ЛіМ», «Голас Радзімы», «Чырвоная Змена», «Навіны БНФ», «Брук»). З 1991 стала жыве ў Вільні.