Wikileaks пра Казуліна і Мілінкевіча, мінскі McDonald's і “Нацыяналку”

Мясцовыя офісы Coca-Cola і McDonald's правяралі на “амерыканцтва”


Улетку 2007 года беларускія ўлады пачалі высвятляць, наколькі Coca-Cola і McDonald's — амерыканскія, паведамляецца ў тэлеграме амерыканскіх дыпламатаў. Цікавасць з'явілася пасля пагрозаў Лукашэнкі адказаць амерыканскаму бізнэсу, калі ЗША ўзмацняць санкцыі.


Чыноўнікі, якія прадстаўляліся падатковымі органамі, цікавіліся ў офісах Coca-Cola і McDonald's, наколькі вялікія інвестыцыі ЗША і колькі амерыканскіх грамадзян працаўладкаваныя. Высветліць, наколькі “амерыканская” мясцовая Coca-Cola, спрабавалі і супрацоўнікі беларускага МЗС, сцвярджаецца ў дэпешы.
Бутэлечны завод у Мінску належыць The Greek Hellenic Bottlers. А мінскі маркетынгавы офіс Coca-Cola зарэгістраваны ў якасці галандскага канцэрна. Ні на заводзе, ні ў офісе амерыканскія супрацоўнікі не працуюць. Хаця мясцовы McDonald's зарэгістраваны ў ЗША, на ім таксама не працуе ніводзін грамадзянін ЗША, заўважае дыпламат.


Амбасадар Карэн Сцюарт лічыць, што падобная цікаўнасць беларускіх уладаў — гэта аддаленыя пагрозы, каб пазбегнуць увядзення новых санкцый. Дыпламат лічыць, што калі беларускія ўлады наважацца на закрыццё офісаў гэтых вялікіх кампаній, то, наадварот, толькі павялічаць эфектыўнасць амерыканскіх санкцый і зробяць сабе горш: 
“Падобныя пагрозы разыходзяцца з заявамі ўрада пра жаданне павялічыць замежныя інвестыцыі. Кожны значны крок супраць McDonald's ці Coca-Cola ўздыме большы гул у міжнароднай бізнэс-супольнасці, чым любое рашэнне амерыканскага ўрада за палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі”.


“Нацыянальная бібліятэка мусіла быць залацістай”


Калі 9 чэрвеня 2006 года ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі чарговы раз перанеслі на месяц, амерыканская амбасада адправіла ў Вашынгтон спецыяльную тэлеграму пад назвай “Нацыянальная бібліятэка: дыямент Лукашэнкі ці Мінскі пахісны шкляны мяч?”


Спасылаючыся на свае крыніцы, кіраўнік дыпмісіі піша, што чарговы перанос даты адкрыцця звязаны з “вечнымі праблемамі з канструкцыяй бібліятэкі”, сярод якіх — высокая вільготнасць для кніг, марудныя камп’ютарныя сістэмы і лёд, што падае з даху, “як вынік хуткага будаўніцтва і адмовы ўладаў набыць якасныя тэхналогіі”. Іншая прычына пераносу — планы Лукашэнкі адкрыць бібліятэку падчас Саміта ЕўрАзЭС з удзелам лідараў краін СНД, гаворыцца ў тэлеграме.


Дэпеша пералічвае некаторыя моманты, звязаныя з будаўніцтвам бібліятэкі. Так, аднойчы глыбы лёду, што ляцелі з вышыні 20-га паверха, прабілі шкляны столь у фае. Тады яго замянілі на больш трывалы. Маўляў, і канвееры з кнігамі першапачаткова рухаліся так хутка, што кнігі выпадалі з іх проста на галовы людзей знізу. 
Увогуле, гаворыцца ў тэлеграме, бібліятэка мусіла быць іншага колеру!
“Нацыянальная бібліятэка мусіла быць не шэра-блакітнай, а залацістай. Паводле свайго арыгінальнага дызайну архітэктар замовіў у мясцовага вытворцы шкло залацістага колеру... 


Улады ж для канструкцыі ўжылі іншы колер і адмовіліся выплаціць вытворцу шкла 8.2 млн долараў, збанкрутаваўшы яго бізнес”


Завяршаецца тэлеграма з'едлівым каментаром Крола:
“Жартаўліва, але з доляй сур'ёзнасці людзі кажуць, што аднойчы бібліятэкаперавернецца і дакаціцца да цэнтра Мінска... Намеснік міністра культуры Гедройц назваў бібліятэку “вялікім мозгам”, якога не мае ніякая іншая краіна СНД. Яе лепшым апісаннем мог бы стаць “няспраўны мозг і бяльмо на воку Мінска”, але гэта — належны помнік першаму і пакуль адзінаму беларускаму прэзідэнту”.


“Тры аб'екты крытычнай інфраструктуры Беларусі”


Пад азначэнне крытычнай інфраструктуры ў Беларусі, на думку амерыканскіх дыпламатаў, падпадаюць тры аб'екты: нафтаправод “Дружба”, газаправоды і ядзерны комплекс у Соснах. Пад крытычнай інфраструктурай разумеюцца аб'екты, найважнейшыя для жыцця грамадства і эканомікі.


У тэлеграме гаворыцца, што хаця Польшча і Нямеччына маюць, прынамсі,

двухмесячныя запасы нафты, “у выпадку перапынення працы “Дружбы” запасныя трубаправоды не змогуць цалкам задаволіць еўрапейскія патрэбы”. Калі праз беларускую частку газаправода “Ямал-Еўропа” спыняцца пастаўкі, то Еўропа панясе “значныя страты”, перадае тэлеграма.


“Мілінкевіч — раз’яднальнік, а не аб'яднальнік”


Карэн Сцюарт перадае ў Вашынгтон змест размовы з Аляксандрам Мілінкевічам 27 лютага 2007 года і каментуе агульны стан апазіцыйнай кааліцыі.
Так, ва ўзгаданай размове Мілінкевіч не прызнаў сваю віну ў расколах апазіцыйнай кааліцыі і заявіў, што левыя партыі скралі парадак дня Кангрэса дэмакратычных сілаў. Аляксандр Мілінкевіч таксама пацвердзіў, што адмаўляецца паехаць у Вашынгтон у складзе беларускай дэлегацыі, бо “не можа працаваць з большасцю яе ўдзельнікаў”. У яе, сярод іншага,уваходзілі Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Ірына Казуліна.
Амбасадар падкрэсліў, што лідары кааліцыі павінны вучыцца працаваць разам, нягледзячы на адрозненні ў сваіх поглядах. Мілінкевіч жа сцвярджаў, што ў расколе кааліцыі вінаваты не ён, а знешнія сілы, асабліва Масква.


Амбасадар піша, што і сумесная паездка ў Вашынгтон, і падрыхтоўка да Кангрэса — факты, якія сведчаць пра супрацоўніцтва паміж партыйнымі лідарамі, і гэта “вельмі кантрастуе з яго [Мілінкевіча] індывідуалістычным, нескаардынаваным падыходам”.


“Мілінкевіч фактычна адрокся ад адказнасці старшыні кааліцыйнай Палітычнай Рады дзеля прасоўвання сваёй грамадзянскай кампаніі “За свабоду”. Выглядае, што ён задаволены, што скраў партыйцаў свайго бліжэйшага саюзніка па кааліцыі — БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі... Зараз дастаткова сказаць, што нават найбольш гарачыя прыхільнікі Мілінкевіча расчараваныя ў яго паводзінах”.


“Казулін хацеў сустрэцца з Бушам”


На адной з сустрэч Казулін пераконваў амбасадара ЗША, што ў адрозненне ад Аляксандра Мілінкевіча ён — прымальны кандыдат для Расіі, бо можа прынесці дэмакратыю ў Беларусь і палепшыць адносіны з ЕС, адначасова падтрымліваючы расійскія інтарэсы.


“Расія хвалюецца часам, што не ў стане кантраляваць Лукашэнку. Казулін жа высокаадукаваны, “прадказальны” і ў стане адначасова захоўваць расійскія інтарэсы і працаваць з ЕС”, перадае яго довады амерыканскі дыпламат.
Казулін таксама казаў, што яго сустрэча з прэзідэнтам Бушам або Дзяржсакратаром Кандалізай Райс перад выбарамі ці непасрэдна пасля выбараў стане сігналам для Расіі, што ЗША хочуць працаваць з Расіяй, каб пазбавіць Лукашэнку ўлады. Аляксандр Казулін перадаў праз амбасадара ліст да Кандалізы Райс з падзякай за падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.


Казулін таксама прадставіў амерыканскаму амбасадару фотаздымкі і імёны апазнаных супрацоўнікаў спецслужбаў, якія напалі на яго і збілі 2 сакавіка 2006 года. Палітык таксама пераказаў гісторыю з “Камсамольскай праўдай”, якая ў сваім нумары размясціла фотаздымкі збіцця. Паводле Казуліна, тады беларускія ўлады націснулі на маскоўскага рэдактара газеты, каб мінскі офіс спыніў публікацыю такой інфармацыі.


Падчас размовы з Казуліным амбасадар запытаў палітыка пра яго звальненне з пасады рэктара БДУ ў 2003 годзе. Казулін адказаў, што гэта звязана з вялікай лічбай студэнтаў БДУ (82%), якія на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года прагаласавалі супраць Лукашэнкі, перадаецца ў тэлеграме.


Амерыканская амбасада адгаворвала Microsoft дапамагаць беларускім уладам


У адной з тэлеграмаў 2007 года Карэн Сцюарт апісвае, як прадстаўнікі дзвюх вялікіх амерыканскіх кампаній Microsoft і American Express Bank распытвалі амбасаду пра развіццё свайго бізнэсу ў Беларусі.
Паведамляецца, што генеральны дырэктар кіеўскага офіса Microsoft Валерый Ланавенка сустракаўся з міністрам інфарматызацыі, каб абмеркаваць кантракт па абнаўленні камп’ютарных сістэм беларускага ўрада.
Меркавалася, што IT-абнаўленне пакрые ўсе міністэрствы, у тым ліку сілавых ведамстваў. Маўляў, Ланавенка перадаў амбасадару сваё занепакоенасць тым, што “ў выпадку рэалізацыі кантракта дзейнасць адказных за рэпрэсіі органаў таксама палепшае”. Разам з тым прадстаўнік Microsoft заўважыў, што ў адваротным выпадку кантрактам зоймуцца канкурэнты кампаніі.Ланавенка баяўся, што ўвага прэсы да падтрымкі Microsoft'ам дыктатара зруйнуе яго кар'ерныя перспектывы, перадаецца ў тэлеграме.


Microsoft запытваў амбасаду і пра мэтазгоднасць адкрыць у Беларусі сваё прадстаўніцтва. Сцюарт паведаміла, што гэтая ідэя — рызыкоўная. І кіраўнікам маскоўскага офіса American Express Bank, і прадстаўніку Microsoft Карэн Сцюарт паведаміла, што “... з-за адсутнасці вяршэнства права, верагоднасці ўвядзення новых санкцый і непрадказальнасці рэжыму, часдля пашырэння свайго бізнэсу ў Беларусі не наспеў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі