Як кандыдаты ў прэзідэнты разам балелі за БАТЭ (фота+відэа)

...Мы сабраліся каля стадыёна "Дынама" вялікай кампаніяй. Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч прывялі сяброў, і толькі Яраслаў Раманчук прыйшоў адзін. Каб наведаць футбол, эканаміст ахвяраваў мерапрыемствамі XIII Мінскага форуму. Вось гэта азарт!






Шкада, але ад запрашэння на вырашальны для беларусаў матч групавога этапу Лігі Еўропы адмовіліся іншыя патэнцыйныя кандыдаты. Статкевіч спаслаўся на паездку па рэгіёнах, Рымашэўскі — на партыйны сход. А Саннікаў паведаміў Еўрарадыё, што ён бы і з радасцю, але ў час матчу будзе вельмі заняты. І таму будзе глядзець футбол... па тэлевізары! "Дык жывая ж трансляцыя", — азадачыліся мы, але Андрэй Алегавіч супакоіў: паглядзіць ў запісе!

Як звычайныя заўзятары, патэнцыйныя кандыдаты прайшлі двайны кантроль: спачатку ля славутых дынамаўскіх арачак, пасля — на ўваходзе на трыбуны. Што праўда, ні ў каго нічога не знайшлі.


Стаўленне да "шмону" ў палітыкаў цалкам супрацьлеглае. "Даўно мяне так не шчупалі. Маглі б яйка нават знайсці, каб усярэдзіне было! — прызнаўся Ўладзімір Някляеў. — Я мяркую, што ўсё гэта вельмі проста было б зрабіць, набыўшы нейкую электроніку і не чапаючы людзей".




"Я думаю, што гэта абгрунтавана, і цалкам стаўлюся з разуменнем да таго, што такі прапускны рэжым мусіць быць, — пракаментаваў "праверку" Алесь Міхалевіч. — У тыя часы, калі я актыўна хадзіў на футбол, была расфасаваная ў дробную такую пластыкавую тару гарэлка, і людзі, што прыходзілі на стадыён, добра так "ужывалі", што часам заканчвалася не вельмі добра".

Шалёныя 1990-я ў мінулым, таму прадбачлівыя людзі прыходзяць "загружаныя" ўжо да ўваходу на стадыён. Адзін з такіх заўзятараў вырашыў прастаяць увесь матч проста перад патэнцыйнымі кандыдатамі. А калі яго папрасілі сесці, пачаў шукаць, з кім бы "пайсці-выйсці". І нават знайшоў Алега Мяцеліцу.


Але да спрэчкі далучыўся Някляеў і хутка ўсадзіў маладога чалавека на месца. Па вуснах паэта можна было прачытаць нешта накшталт "Сядзь і глядзі футбол!", але за змест гэтага выказвання мы адказнасці не нясем.

"Хлопцы былі нармалёва выпітыя і хацелі таньчыць на футболе. А я ім нагадаў пра фізічны закон супадзення рэзанансаў. Ведаеце, калі ўсе таньчыць пачнуць... Але яны, відаць, слова гэтага не зразумелі і пачалі перапытваць: "А шшшшто ты сказаў?!" Ну тут давялося патлумачыць, і яны пасля спакойна сядзелі. Не падумайце, я не лаяўся, нічога такога... Сіла слова!"

Зразумела, перад матчам усе палітыкі паставілі на перамогу БАТЭ. Кастусёў прадказаў лік 2:0. Міхалевіч скардзіўся, што за футболам не сочыць, але зрабіў такі ж прагноз, як і Някляеў — 2:1.

"Моцная гэта каманда малдоўская, — кажа Ўладзімір Някляеў. — Я памятаю, стаўку зрабіў на матч "Малдова" (Кішынёў) — "Дынама" (Мінск), калі я вось тут праз плот пералазіў, тады яшчэ гулялі Мустыгін, Адамаў. Я якраз заклаўся, што нашы выйграюць 2:1, і яны выйгралі 2:1. Я думаю, трэба захоўваць традыцыі, таму 2:1".




Найбольш аптымістычны прагноз даў Раманчук: 3:1 на карысць БАТЭ!

"БАТЭ выйграе 3:1, тут без варыянтаў. Каб не перакладаць вырашэнне свайго лёсу на "Дынама" (Кіеў) і іншыя каманды. Свая паляна, і мэта ў хлопцаў відавочная. Таму, я думаю, канцэнтрацыя будзе, і будзе перамога!"


Але першы тайм не абяцаў ні буйнога ліку, ні перамогі БАТЭ. "У гульні было шмат тактычнай барацьбы", — скажа на пасляматчавай прэс-канферэнцыі Віктар Ганчарэнка.

Патэнцыйныя кандыдаты сышліся ў меркаванні, што "лік па гульні". Але пагадзіліся і з тым, што нагода для занепакоенасці ёсць. "Трэба Лідзію Міхайлаўну клікаць на дапамогу — шчыраваў Кастусёў. — Пакуль нармальна гуляем, але калі што яна падправіць статыстыку. Калі будзе 2:1, каб яна зрабіла 2:0".


Але ў другім тайме БАТЭ зрабілі ўсё самі. Галы Паўлава і Брэсана прымусілі палітыкаў паўскокваць з месцаў, крычаць і абдымацца ад радасці, як з лепшымі сябрамі. Праўда, Алесь Міхалевіч замест кампаніі калегаў хацеў бы апынуцца ў фанацкім сектары:

"Мне хочацца быць у эпіцэнтры падзеяў. А тут гэта фанацкі сектар. Там, дзе сапраўдныя заўзятары. Каб калі ішла хваля па стадыёне, яна не магла ісці праз тое, што людзі ўвесь час стаяць", — сказаў ён.


Гульнёй і вынікам матчу ўсе былі вельмі задаволеныя. "На стадыёне зусім іншая атмасфера, энергетыка, людзі. Па тэлевізары гэта не ўбачыш. Таму я заўсёды, калі ёсць магчымасць, — толькі на стадыён. Таму што гэта як канцэрт, як тэатр, як само жыццё", — дзяліўся эмоцыямі захоплены аўтар дакладнага прагнозу на матч Яраслаў Раманчук. Той жа думкі трымаецца і Ўладзімір Някляеў, які ўвогуле лічыць сябе "стадыённым, а не канапным чалавекам".

"Хачу сказаць Еўрапейскаму радыё для Беларусі вялікі дзякуй за тое, што арганізавалі нас. Бо, шчыра кажучы, самі бы мы не выбраліся. Я на стадыёне "Дынама" не быў больш за 10 гадоў, хаця ў Магілёве хадзіў і апошнім часам на матчы "Дняпра". А гульня БАТЭ мне вельмі спадабалася, і я вельмі задаволены, што нашая каманда перамагла", — дадаў Рыгор Кастусёў.

Хаця БАТЭ і выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы датэрмінова, нашым футбалістам засталося яшчэ двойчы згуляць на групавой стадыі. Матч з AZ пройдзе ў Галандыі. А вось кіеўскае "Дынама" БАТЭ прымае ў Мінску 2 снежня. "Гэта прынцыповае для нас супрацьстаянне, таму мы паспрабуем заплюшчыць вочы на турнірную табліцу", — паабяцаў Віктар Ганчарэнка.

Дарэчы, 4 лістапада стадыён "Дынама" роў, як след. Была і "хваля", і пераклічка заходняй і ўсходняй трыбунаў. "Наперад, Барысаў!" — крычалі людзі. Недзе ў гэтым хоры — галасы Ўладзіміра Някляева, Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва і Яраслава Раманчука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі