Якія плюсы Мытнага саюза адчулі на сабе беларусы і казахі?

Беларускія чыноўнікі абяцалі, што станоўчыя змены ад Мытнага саюза людзі адчуюць і не малыя. Пакуль жа наконт гэтага – толькі спадзяванні, у галаве большасці беларусаў мінус з падаражаннем імпартных аўтамабіляў. Леташнія словы намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура:

"Ацэнка Мытнага саюза, на дзіва, адбываецца толькі праз ацэнку кошту машыны. А размова ідзе пра развіццё інвестыцый, пра развіццё рынку, пра стымуляванне новых працоўных месцаў больш эфектыўных. Размова ідзе пра заработную плату, пра падаткі, размова ідзе аб бюджэце!"

Апытаныя мінчукі гэтых плюсаў яшчэ не заўважылі.

Валерый: "Самы заўважны мінус – высокія пошліны на аўтамабілі. Мажліва, плюсы ёсць для прадпрыемстваў, якія прадаюць прадукцыю ў Расію, і іх працаўнікам. Што да штодзённых рэчаў, то шмат якія рэчы сталі даражэй, чым да Мытнага Саюза".

Сяргей Пятровіч: "Калі будзе рэалізавана стратэгія пра раўнадаходныя цэны на энергарэсурсы, то гэта будзе істотны плюс для эканомікі. Канкрэтна на мяне Мытны Саюз пакуль ніяк не паўплываў"

Жанчына: "Думаю, што беларусаў адмоўна. Бо народ навёз машыны, цяпер будзе з імі сядзець!"

Дзяўчына: "Я пра гэта не ведаю і ніяк да гэтага не стаўлюся"

Казахі ставяцца да Мытнага Саюза больш крытычна: апазіцыйныя сілы там ладзяць пратэстныя акцыі. За апошні месяц, з часу павышэння ўвазных пошлін на аўтамабілі да ўзроўню расійскіх, у Казахстане прайшлі дзве пратэстныя акцыі. У Алма-Аце расійскае консульства пікетавала моладзь ды прайшло мірнае шэсце.

Казахскі журналіст Жанбалат Мамай кажа, што дзве галоўныя незадаволенасці – гэта падаражанне імпартных аўто, і бензіну, рост цэнаў на які цягне і павышэнне коштаў на іншыя прадукты.

Жанбалат Мамай: "Расце з дня ўдзень – цяпер каштуе 107 тэнге, каля 80 доларавых цэнтаў за літр бензіну. Гэта вельмі б'е па кішэні простых казахаў. Мінусы Мытнага Саюза ўжо адчувальныя"

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што судзіць пра плюсы і мінусы яшчэ рана – станоўчыя змены будуць заўважныя гадоў праз пяць. Якім ён можа быць у колькасным выражэнні?

Леанід Заіка: "Міжнародныя даследаванні паказваюць, што максімум у краінах мытных саюзаў прырост ВУП можа скласці да 2%"

Дарэчы, калі ў Мінску падпісвалі дакументы аб фармаванні Мытнага Саюза, то на высокім узроўні казалі пра прырост ВУП аж на 15%.

Мытня кодэкс Мытнага Саюза пачаў дзейнічаць 6 ліпеня 2010 года, але з некаторымі выключэннямі. З 1 ліпеня 2011 года адмянілі мытны кантроль і мытнае афармленне на дзяржаўных межах унутры Саюза. У гэты ж час пошліны на імпартныя аўто для беларусаў выраслі больш чым у 6 разоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі