Яны паляцелі, але абяцалі вярнуцца

"Без Билета" зладзілі святочную танцавальную вечарыну “за дзень да рапродажу ўсіх гваздзікоў у горадзе” у цалкам запоўненым Re:Public. Першая частка двухдзённага шоў "Без Билета" прайшла пад лозунгам “касмічнай афрыканскай “зоркі”, бо менавіта песні з двух апошніх альбомаў дамінавалі падчас яскравага сэту гурта.

 

Анансуючы кампазіцыю “Музыка — это жизнь” Віталь Артыст нечакана аб’явіў пра “канец кар’еры” рок-гурта і тут жа супакоіў — толькі на адну песню:

“Спецыяльна для вас адмысловая версія кампазіцыі “Музыка — это жизнь”. Хлопцы, пакажыце інструменты! Уключайце праграму!” — у гэты момант музыкі "Без Билета" адклалі ў бок гітары і барабанныя палачкі і прадэманстравалі айфон, на якім і былі выкананыя ўсе інструментальныя партыі.

 

 

Акрамя “айфонава-айподнага” музычнага аздаблення, падчас выканання кампазіцыі “Музыка — это жизнь” "Без Билета" прадставілі спецыяльны кліп, які цалкам складаўся з лепшых фотаздымкаў, дасланых на аднайменны конкурс.

Перад сакавіцкімі канцэртамі ў Мінску "Без Билета" праехаліся з канцэртным турам па Беларусі і Расіі. Агулам музыкі зладзілі 11 канцэртаў. Як распавёў Віталік Артыст, пасля расійскіх гастроляў музыкі зразумелі, што ў  Расіі іх любяць гэтаксама, як і ў Беларусі. Няглездячы нават на тое, што расійскія медыа ахарактарызавалі выступ "Без Билета" як “Склад — жэсць, Артыст — п’яны”.

“Хваляваліся перад канцэртам у Санкт-Пецярбурзе, у Маскве ўжо менш, — дзеліцца ўражаннямі ад канцэртаў у Расіі Віталь Артыст. — У Пецярбурзе ад хвалявання, мабыць, мы былі крыху больш агрэсіўнымі, у Маскве ўжо мякчэйшымі. І там, і там высветлілася, што ў Расіі такіх гуртоў, як "Без Билета", няма. І наша музыка — выратавальная  вадкасць для цела. "Без Билета" — гэта клёва ад Н’ю-Йорку і да Магілёва!”



Як з "Без Билета" здаралася і раней, падчас канцэрта музыкі “зляпілі” у адну песню хіт “9 дел” і песню з новага альбома “Птицы из Африки летят” і такім чынам атрымалі новы хіт, які зала сустрэла “на ўра”. Пасля канцэрта Віталік патлумачыў, пра што насамрэч атрымалася “новая” песня.

Віталь Артыст: “Такое вось дзіва за намі назіраецца: можам узяць песню і перапісаць прыпеў. Ужо некаторы час песня “9 дел” выходзіць у нас песняй “Птицы из Африки летят”. Так атрымалася, што я сядзеў і граў на гітары, і тут выплыў іншы прыпеў. І я зразумеў, пра што насамрэч гэтая песня. Яна пра каханне, якое ляціць з Афрыкі і назад і рамантуе на сваім шляху ўсё, што паламалася”.

 

 

Прыкладна ў сярэдзіне канцэрта Віталік Артыст абвясціў пра прэзентацыю новага відэа "Без Билета". Але паколькі рэжысёр Мацвей Сабураў не паспеў змантаваць кліп цалкам, 7 сакавіка адбылася ўрачыстая прэзентацыя першай паловы “міжпланетнага” відэа на песню “Адрес — планета Земля”. Цалкам прэзентаваць кліп "Без Билета" абяцаюць неўзабаве, а тым часам рыхтуюць яшчэ адно відэа на песню “Быть как все” з  альбома “Звезда”. На стварэнне гэтага відэа музыкаў натхніла творчасць гурта “Ілі-Ілі”.

Віталік Артыст: “Не магу сказаць, калі выйдзе кліп, але мы ўжо бачылі папярэдні мантаж, і відэа нас саміх закранула. Кліп здымаў таленавіты рэжысёр Міця Сямёнаў. Мы ўбачылі яго кліп у гурта “Ілі-Ілі”, якія, дарэчы, будуць у нас гасцямі на канцэрце 8 сакавіка. Гэта была здораўская праца! Мы тэрмінова яму патэлефанавалі, і высветлілася, што яму падабаецца песня “Быть как все”. Таму мы не сталі навязваць нейкае сваё бачанне, а вырашылі правесці творчы эксперымент і даць Міцю зняць кліп на песню, якую ён адчувае сэрцам”.

кадр з будучага кліпа на "Адрес-планета Земля" 


Скончыўся канцэрт кампазіцыяй “Красному диску сонца” і “бісам” “Антициклон”, пад які "Без Билета" запрасілі на працяг канцэрта 8 сакавіка і паляцелі ў міжгалактычныя прасторы, але паабяцалі вярнуцца.

Акрамя выступу гурта “Ілі-Ілі”, які сыграе свой сэт “на разагрэве” у "Без Билета", 8 сакавіка гурт абяцае “асабліва рамантычны сэт” з пяшчотнымі і амурнымі кампазіцыямі. Без Білета абавязкова выканае ўлюбёную фанатамі “Две лодки” і “яшчэ што-небудзь”, інтрыгуе Віталь Атрыст. Да таго ж, у Міжнародны жаночы дзень музыкі паабяцалі выйсці “на біс” топлес! Рыхтуйцеся, дзяўчаты!

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі