За 1 месяц беларусы скупілі палову кватэраў у элітным доме!
Элітнае жыллё ў Мінску скупляюць жыхары Расіі, Канады, ЗША, а таксама Ірана ды Сірыі.
Кватэры коштам у мільён долараў у элітным доме “Ля Траецкага” ў Мінску раскупілі яшчэ год таму. Пакупнікі, на думку забудоўшчыкаў, крэдытаў не бралі, а аддалі ўласныя зберажэнні.
“Яшчэ кватэры ёсць. Але большую частку дома мы прадалі… Каля 60-70% кватэр мы прадалі”, — кажа Еўрарадыё забудоўшчык, кампанія “Трайпл”.
Элітнае жыллё абяцаюць здаць толькі ў канцы 2012 года. Яшчэ летась ў сакавіку з 215 кватэр заставалася толькі 43! Паводле нашых падлікаў, прыкладна столькі ж застаецца і сёння.
Разабралі менавіта самыя дарагія двухузроўневыя кватэры на верхніх паверхах, з вялікімі зялёнымі тэрасамі. Пяціпакаёўка з агульнай плошчай каля 500 квадратных метраў каштавала 1 мільён 10 тысяч долараў. А былі яшчэ кватэры з 6 ды 8 пакоямі! Цяпер няма. Засталіся ў асноўным кватэры на першых паверхах, коштам ад 300 тысяч долараў.
Прадстаўнік кампаніі адзначае, што асноўная колькасць пакупнікоў... беларусы! Хоць ёсць і замежнікі.
Элітны жылы комплекс "Маяк Мінска" знаходзіцца каля Нацыянальнай бібліятэкі. Ужо летась там засталося толькі 10% вольных кватэр. Тут таксама асноўнымі гаспадарамі сталі жыхары Беларусі. Але кожны пяты — замежнік.
"Маяк Мінска": “У агульнай колькасці сёння замежнікі скупілі больш за 20% кватэр. Сярод іх жыхары Расіі, Канады, ЗША, Літвы, Ірана, Сірыі, Італіі і іншых краінаў”.
Кватэры ў комплексе "Маяк Мінска" танней, чым у доме "Ля Траецкага". Усё ж далёкасць ад цэнтра ўплывае. Квадратны метр каштуе ў сярэднім ад 1250 да 1800 долараў.
Нягледзячы на крызісы ды звышвысокія кошты крэдытаў, кватэры ў комплексе “Маяк Мінска” купляюць добра.
"Маяк Мінска": “Попыт захоўваецца на высокім узроўні. У дамах першай чаргі ўсё кватэры ўжо раскупілі. Цяпер актыўна рэалізуюцца дамы другой чаргі. У доме “Манэ” прадалі 94% кватэр, у доме “Шагал” — 38%. А дом “Рэнуар” прададзены на 43%”.
Цікава, што прадаваць кватэры ў доме “Рэнуар” пачалі толькі ў канцы лютага гэтага года. Гэта за месяц беларусы з дапамогай замежнікаў скупілі амаль палову элітнага дома!
Жылы дом “Ветразь” ля кінатэатра “Беларусь” дабудуюць толькі ў канцы года. Кватэры тут пакуль не раскупілі…
“Продажы яшчэ ідуць”, — кажа забудоўшчык. Але колькі дакладна кватэр прадалі, сказаць адмаўляецца. Найбольшым попытам, згодна са словамі супрацоўніцы, карыстаюцца “двушкі” на верхніх паверхах. Чым кватэра вышэй, тым яна даражэй, тлумачаць забудоўшчыкі.
"Ветразь": “5-14 паверх — 1750 умоўных адзінак. 16-25 — 1850. І 26-30 — 1900 умоўных адзінак”.
Паводле падлікаў Еўрарадыё, двухпакаёвая кватэра на 5-м паверсе каштуе больш за 145 тысяч долараў. А на апошнім, 30-м, — самая дарагая, 342 тысячы. За 7-пакаёвы пентхаўс давядзецца выкласці больш за 600 тысяч долараў.
Нягледзячы на фінансавыя складанасці, попыт на жыллё ў беларускай сталіцы не змяншаецца. І рыэлтары адчуваюць сябе ўпэўнена.
“Сёлета на рынку больш-менш ажыўлена, па ўсіх сегментах. Рынак больш-менш у добрым стане. Магло б быць і горш, улічваючы крызіс. Прыкладна выйшлі на той самы ўзровень, што і ў мінулым годзе”, — кажа дырэктар агенцтва нерухомасці "БелЦТН" Мікалай Прасталупаў.
Па яго словах, да канца года чакаецца 9 тысяч здзелак. Гэта прыкладна столькі ж, як і летась.