Вязень, які сёння выйшаў на волю: Ніхто з палітычных не ўпаў духам
Паводле слоў удзельніка маўклівых акцый, ахова ў Жодзіне была больш жорсткай, чым на Акрэсціна.
Сёння на волю ў Жодзіне выходзяць асуджаныя ўдзельнікі маўклівых акцый 3 і 6 ліпеня. З адным з іх, Жэнем, Еўрарадыё паразмаўляла, калі ён быў на шляху ў Мінск.
Еўрарадыё: Колькі ты і дзе адседзеў і за што цябе пасадзілі?
Жэня: “Адседзеў 10 сутак. Нібыта за дробнае хуліганства, са словаў "сведкаў". Сядзеў на Акрэсціна 8 сутак, а ў панядзелак нас перавялі ў Жодзіна”.
Еўрарадыё: На тваю думку, чаму вас перавялі ў Жодзіна?
Жэня: “Мы разважалі наконт гэтага пытання. Можа гэта такое паказальнае “выступленне”, каб напужаць?”.
Еўрарадыё: Кажаш, што хацелі напужаць. У Жодзіна ўмовы былі жорсткія?
Жэня: “Так. Прыём быў дастаткова пужаючы. Духам ніхто не ўпаў. Ахова ў Жодзіна была больш жорсткай”.
Еўрарадыё: А што гэта азначае — "больш жорстка"?
Жэня: “Ахова была жорсткай. Было шмат дзвярэй, шмат клетак... Не было бачна вуліцы. Прагулкі, як нам казалі, адмяняюцца па тэхнічных прычынах”.
Еўрарадыё: Ці кагосьці, хто меў 15 сутак, пераводзілі ў Жодзіна?
Жэня: “Так, з намі былі тыя, каму далі 15 сутак”.
Еўрарадыё: Ці былі перадачы на Акрэсціна і ці былі перадачы ў Жодзіне?
Жэня: “Так. З перадачамі ўсё было нармальна. І ў Жодзіна прыходзлі ад нашых родных і ад валанцёраў, якім мы вельмі ўдзячныя”.
Фота — salidarnasc.org