Зміцер Дашкевіч да канца тэрміну будзе ў "крытай" турме
Такое рашэнне прыняў мазырскі суд на выязным паседжанні ў мясцовай калоніі.
У якую турму накіруюць Дашкевіча, стане вядома толькі пасля яго прыбыцця. У каментары Радыё "Свабода" нявеста палітвязня Наста Палажанка паведаміла, што на этап Дашкевіча адправяць ужо сёння. Па яе словах, сам Зміцер мяркуе, што яго адправяць у гродзенскую турму. Другім варыянтам называюць турму ў Жодзіне.
Нагадаем, што маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава затрымалі акурат напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі ў хуліганстве. Дашкевіча асудзілі на два гады зняволення, Лобава — на чатыры. Аднак гэтым летам палітвязню прысудзілі яшчэ год турмы.
Калі не будзе новых прысудаў, Дашкевіч мусіць выйсці на волю 28 жніўня 2013 года.
Фота — svaboda.org