Рэстаран каля Курапатаў адкрылі позна ўвечары
Рэстаран каля Курапатаў пад Мінскам адкрылі, нягледзячы на пратэсты. Як інфармуе Радыё Свабода, ён пачаў прымаць першых наведвальнікаў позна ўвечары ў аўторак. Дзесьці а 21-й гадзіне з брамы знік аркуш з надпісам "Закрыто". Аднак раніцай у сераду, калі каля рэстарана з'явіліся пратэстоўцы, паперку вярнулі і наведвальнікаў не прымаюць. На тэрыторыю прыязджаюць аўтамабілі з прадуктамі, прыходзяць працаўладкоўвацца дзяўчаты.
Апазіцыйны палітык Павел Севярынец, які ўдзельнічае ў пратэстах, прапанаваў ставіць намёты і распачынаць кругласутачную варту, а таксама павесіць на агароджы рэстарана інфармацыю пра масавыя расстрэлы ў сталінскія часы ў Курапатах. Як вядома, там былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч чалавек. Пасля адкрыцця праўды пра гэтае злачынства ў канцы 1980-х, у Курапатах стварыўся народны мемарыял, былі ўсталяваныя сотні крыжоў.