Рэйсы Lufthansa з Мінска лятаюць па раскладзе, нягледзячы на забастоўку
Чарговая забастоўка пілотаў нямецкай авіякампаніі працягнецца і ў суботу. Ужо адменена больш за 700 рэйсаў па ўсёй Нямеччыне.
З-за забастоўкі Lufthansa у Нямеччыне адмененыя больш за 750 з 1400 рэйсаў малой і сярэдняй дальнасці. Акцыя пратэсту закранула больш за 94 тысяч пасажыраў.
Хоць авіякампанія і адмяніла больш за палову рэйсаў, у прадстаўніцтве Lufthansa у Мінску распавялі, што сённяшнія рэйсы Франкфурт — Мінск і Мінск — Франкфурт адбудуцца згодна з раскладам.
Цяперашняя забастоўка цягнецца з серады. З мінулага красавіка гэта ўжо 13 страйк, які закрануў агулам амаль мільён чалавек. Прафсаюз лётчыкаў грамадзянскай авіяцыі Нямеччыны Cockpit аб’явіў пра намер працягнуць акцыю пратэсту і ў суботу, 21 сакавіка.
У ходзе тарыфных перамоваў прафсаюз настойвае на захаванні устаноўленага раней ўзросту выхаду пілотаў на датэрміновую пенсію і спрабуе супрацьстаяць намерам кіраўніцтва авіякампаніі павялічыць колькасць бюджэтных авіяперавозак, што ажыццяўляюцца лоўкоставымі дачыннымі кампаніямі Eurowings і Germanwings. Страйкі пілотаў за мінулы год абышліся Lufthansa больш чым у 200 млн еўра.
Фота: Reuters