Рэжысёр фільма пра МТЗ: Лукашэнка паглядзеў і папрасіў падмантаваць туды сябе

Рэжысёр фільма пра МТЗ: Лукашэнка паглядзеў і папрасіў падмантаваць туды сябе

17-хвілінны іміджавы фільм Мінскага трактарнага завода выйграў двух "Срэбраных дэльфінаў" на Cannes Corporate Media & TV Awards. Што праўда, на сайце фэсту "Карміцель" пазначаны як расійскі фільм, а сярод 15 моваў, на якія ён перакладзены, няма беларускай. Але стваральнікі стужкі — новасібірская студыя "LBL Production" — распавялі Еўрарадыё, што і кіраўніцтву завода, і Аляксандру Лукашэнку ролік спадабаўся.

"Я так разумею, прэзідэнт Лукашэнка глядзеў і застаўся задаволены. На свята [маецца на ўвазе 70-годдзе МТЗ, — Еўрарадыё] нават папрасіў падмантаваць яго да гэтага кіно. Карацей, там нейкая свая кухня", — распавядае дырэктар і сазаснавальнік "LBL Production", а таксама рэжысёр "Карміцеля" Павел Мяняйла.

"Трэба разумець, якія [у МТЗ] былі "хацелкі": вось мы пасля вайны гераічна пабудаваліся, вось мы гераічна выпусцілі столькі трактароў. Карацей, хацелі юбілейнае кіно. А атрымалі крыху іншае, — працягвае Павел. — Тлумачыць, дамаўляцца — і запэўніць іх даверыцца [нам] — гэта была самая складаная частка".

На Youtube фільм пра МТЗ паглядзела амаль 75 тысяч чалавек

Па словах рэжысёра, канцэпт фільма быў напісаны даўно, але МТЗ цягнуў з пачаткам працаў — усё не мог вырашыцца. "І вось, яны сказалі: "Так, мы хочам, вось нашы грошы. Наперад!" — а да свята ў нас заставалася паўтара месяцы", — распавядае Павел. 52 дні з гэтага тэрміну здымачная група "Карміцеля" правяла ў дарозе. 11 краін, 46 пералётаў.

Сёння фільм перакладзены на 15 моваў. Беларускай сярод іх няма — рэжысёр кажа, што іміджавае кіно прызначанае найперш для знешніх аўдыторыяў. А ў адказ на пытанне пра бюджэт роліка Павел Мяняйла толькі ўсміхаецца: "Агучваць я не маю права, але гэта не такія вялікія грошы, як пішуць у каментарыях. Выдаткі былі вялікія. Мы сабе нават на трактар не зарабілі!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі